Доўгі шлях да поўнага метра

Дзе знайсці гісторыю для трылера пра маньяка і кім ёсць рэжысёр пасля выхаду са сцен творчай альма-матэр — пра гэта расказвае малады кінарэжысёр Максім Буйніцкі.



1_maks_m_bujn_ck_.jpg

Максім Буйніцкі

Месяцы, а часам і гады чакання, пошук спонсараў, «свайго» сцэнару, выхаванне ў сабе вялікага цярпення — гэта адваротны бок паспяховасці. Максім Буйніцкі, выпускнік Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэатра, кіно і тэлебачання, пераможца міжнародных кінафестываляў, дзеліцца з "Новым Часам" сваімі развагамі наконт перспектыў кінематоргафа на тэрыторыі былога СССР.

— Рэжысёр пасля ВНУ — ніхто. Амаль паўгода пасля дыплому я дарабляў свой фільм «Матылёк», год працягваліся паказы гэтага фільма на розных кінафестывалях. У кастрычніку мінулага года я заявіўся на «Беларусьфільм», знаёмыя арганізавалі мне з кіраўніцтвам сустрэчу, нягледзячы на мой, так бы мовіць, бэкграўнд (Максіма Буйніцкага выключылі з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пасля яго ўдзелу ў палітычнай акцыі — аўт.) Але наша размова там была ветлівая і — ні пра што. Галоўны мэсідж быў прыблізна такі: ты ж разумееш, які гонар для цябе сюды прыйсці і проста паразмаўляць з намі. Праўда, гэта трохі смешна, бо абсалютна не вядома, якая будучыня ў кінастудыі, і як яна справіцца з выклікамі часу.

У мяне ёсць дэбютны кароткаметражны фільм. Наступны крок — гэта поўнаметражная ігравая стужка. Пакуль гэты шлях мае рызыкоўную схему, бо з’ехаць з Беларусі, вярнуцца сюды, дамаўляцца пра нешта ў Расіі... Надта пакручаста. Месца, дзе чалавек скончыў ВНУ, праграмуе кар’еру. У Расіі ўкраінскі дыплом не зусім ліквідны.

Не так даўно быў конкурс, конкурс сцэнараў «Главпитчинг», які праводзіла маскоўская кампанія «Главкино» (адзін з найбуйнейшых кінатэлевізійны канцэрнаў СНД, які мае свой кінатэлевізійны комплекс, прадзюсарскую кампанію, лабараторыю сцэнарыяў — аўт.). Я патрапіў у фінал гэтага конкурсу. Але гэта абсалютная латарэя, бо, як бачыш, адказу на пытанне «што рабіць пасля атрымання дыплома?» пакуль не маю. Але, канешне, спадзяюся, на поспех і ўвесь гэты час працую на тое, каб запусціць поўнаметражны фільм.

 Я не ведаю, як цяпер дакладна сябе ідэнтыфікаваць. Мае стужкі знятыя ва Украіне — значыць, я ўкраінскі рэжысёр, але сам я з Беларусі, з Бабруйску. Дарэчы, у Расіі быць бабруйскім рэжысёрам — гэта дадатковы бонус, бо наш горад там мае свой непаганы рэйтынг (смяецца). У гэтым свой шарм.

— Дзе рэжысёры бяруць тэмы, чаму нараджаецца менавіта тая ці іншая жанравая стужка?

— Мой дэбютны фільм — гэта экранізацыя твора сучаснай украінскай аўтаркі Тані Малярчук у стылі магічнага рэалізму. Гэта суржыкамоўны фільм, што ёсць правакацыяй для ўкраінцаў.  Стужка «Адказ на малітву» больш-менш вядомая на Украіне, «усплывае» то тут, то там не ў апошнюю чаргу таму, што ў ёй гучыць верш Шаўчэнкі. Калі хочаш развівацца, трэба ўвесь час ставіць новыя задачы, за сваю кароткаметражную фільмаграфію я акурат імкнуўся да розных падыходаў, розных жанраў. Калі пісаў заяўку для «Главкино», хацелася, каб гісторыя выклікала моцныя эмоцыі, што скіравала ў бок жанравага фільму. І спыніўся на трылеры — відаць, настрой быў такі змрачнаваты. Згадаў найжахлівейшую гісторыю, якую некалі пачуў. І ў часе працы над сцэнарам нават пачаў баяцца цемры. Я б сказаў, што гэта жанравы фільм, які выйшаў з уласных жахаў. Думаю, рэжысёр мусіць шукаць гісторыю, якую ён распавядзе адметна, абсалютна па-свойму.

— Навучанне прафесіі кінавытворцы ва Украіне і Беларусі моцна адрозніваецца?

— Я магу гаварыць суб’ектыўна. На момант майго навучання ў Беларусі не было спецыялістаў узроўню Украіны. Магчыма, многае змянілася за гэты час. Мой мастацкі кіраўнік ва ўкраінскай ВНУ Міхаіл Ільленка — легендарная персона. Яго карціна «Той, хто прайшоў праз агонь» увайшла ў лонг-ліст намінантаў на прэстыжную кінапрэмію «Оскар».

Ва Украіне было задумана рэфармаваць кінаіндустрыю, дзяржава выдзеліла грошы, быў прыняты прагрэсіўны фармат прэзентацыі кінапраектаў — пітчынг... Што праўда, дэбютаваць на кінастудыі Даўжэнкі не надта крута, бо ёсць, напрыклад, цьмяныя гісторыі фінансавых махінацый кіраўніцтва, іх сувязі з «сям’ёй» Януковіча.

— У час падзей на Майдане ты ездзіў у Кіеў, каб знайсці сюжэт, натхніцца? Ці гэта было выказванне грамадзянскай пазіцыі?

— Усё супала. За час вучобы я прыжыўся ў Кіеве і трохі да яго «сэрцам прыкіпеў».  Многа актывістаў з каляпалітычных рухаў, з партый паехалі выказаць сваю салідарнасць. 19 снежня ў Кіеве ладзілася акцыя салідарнасці з беларускім народам, і, канешне, вісела ў паветры ідэя, што трэба, трэба здымаць дакументальны матэрыял. І вось выйшаў на Хрэшчацік, сустрэў ці не ўсіх сваіх аднагрупнікаў, але па выніку нічога не зняў.

14 лютага ў мяне была размова з украінскім прадзюсарам наконт магчымасці зняць бюджэтную мастацкую стужку, а з 18-га... усе бачылі, што адбывалася. Хутка стала зразумела, што пра бюджэтны праект фільма цяпер можна не думаць.

З Януковічам-малодшым была звязаная рэформа ўкраінскага кінематографа — за ім замацоўвалася роля куратара ўкраінскага кінематографа, інтэрнэту і аўтаспорту. Цяпер ва Украіне размова ідзе пра «быць бы жыву», Міністэрства культуры — апошняя інстытуцыя, якой будуць выдзяляць сродкі.

Тады, у лютым, у Кіеве я сеў і напісаў пра Майдан гісторыю, што грунтавалася на маіх назіраннях. Але ва Украіне цяпер няма сродкаў, у Расіі гэтая тэма пэўны час можа быць проста табуяванай.

Нашы мастацкія кінагісторыі — трэці эшалон пасля навіншчыкаў, дакументалістаў. Бо гэта мае быць універсальным матэрыялам для прачытання ў любым часе. Дарэчы, Майдан быў вялікім рэваншам аператараў. Рэжысёры хадзілі побач, насілі штатывы, канапкі, падтрымлівалі эмацыйны фон, яны былі на другім плане.

— Знайсці грошы пад праект для душы, як бачым, не так і проста. Але можна ж прыкласці свае ўменні да больш празаічных праектаў. Чаму не?

Ёсць сумежныя спецыяльнасці — рэклама, кліпы, то бок тэлевытворчасць. Але вяртацца адтуль у ігравое мастацкае кіно трэба будзе з пачатку. Я з павагай стаўлюся да акрэсленай вышэй прадукцыі, для сябе ж пакуль буду выкарыстоўваць усе шанцы, каб ісці менавіта да свайго дэбютнага поўнага метра.

***

Да 90-годдзя беларускага кіно рыхтуецца выпуск юбілейнай серыі «Залаты тузін» Беларусьфільма», паведамляе сайт кінастудыі. DVD-калекцыя ўключае ў сябе дванаццаць знакавых беларускіх фільмаў. Выхад калекцыі запланаваны на жнівень гэтага года.

На думку складальнікаў, рэпрэзентаваць беларускі кінематограф мусяць наступныя стужкі: «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979), «Прыгоды Бураціна» (1975), «Чырвоны Капялюшык» (1977), «Вянок санетаў» (1976), «Горад майстроў» (1965), «Нашы суседзі» (1957), «Белыя росы» (1983), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Маё каханне» (1940), «Знак бяды» (1986), «У жніўні 44-га... » (2000).

***

2_palupanau.jpg

Андрэй Палупанаў, дырэктар творчага цэнтра «Майстэрня» (раней узначальваў Мінскую кінашколу):

— Мы даём маладым людзям старт. Яны прыходзяць да нас, каб зразумець, ці падыходзіць ім гэтая сфера. Наша ж задача — спрыяць слухачам нашай «Майстэрні» магчымасці ствараць творчыя групы, ствараць кароткія фільмы, то бок творчае асяроддзе.

Многія нашы выпускнікі паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы па профілю. Ад чалавека залежыць, як ён далей скарыстаецца атрыманымі ведамі. У нас да гэтага часу лічаць, што нехта некаму нешта павінен. Напрыклад, дзяржава дала адукацыю і мусіць працаўладкаваць. Але я мяркую, што трэба мысліць больш прагрэсіўна. У кінаіндустрыі найперш трэба з сябе нешта ўяўляць. І паколькі ў нас няма кінарынку, то варта арыентавацца на замежным рынку. Незалежна ад таго, што чалавек скончыў, магчымасць здымаць, знаходзіць сродкі на невялікія фільмы ёсць. Так, прыступка за прыступкай можна дайсці да сваёй мэты.

film1(1).jpg


Максім Буйніцкі

У 2012 годзе скончыў Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт тэатра, кіно і тэлебачання ім. І. Карпенка-Карага па спецыяльнасці «Рэжысура мастацкага фільма» (майстэрня Міхаіла Ільленкі). За час вучобы зняў кароткаметражныя фільмы: «Як тата і мама развіталіся ў тры раўнды» (2008 ), «Адказ на малітву» (2009), «Перашкода» (2010), «Доўгі шпацыр — назаўсёды» (2010), «Матылёк» (2012) і інш.

Узнагароды на кінафестывалях:

  • Лепшы фільм на фестывалі «Адкрытая ноч–2010».
  • Гран-пры моладзевага і Гран-пры прафесійнага журы на фестывалі «Кіналеў–2010».
  • Міжнародная прэмія ім. Арсенія і Андрэя Таркоўскага–2010: лаўрэат у намінацыі «Кінематограф» (гульнявы фільм).
  • Пераможца анлайн-кінафестывалю PutItOn Picture Show–2011 (пры падтрымцы Нью-Ёркскай кінаакадэміі).
  • Намінант Нацыянальнай прэміі «Страна» (Масква, 2013).