Грамадскі актывіст, які пляце кошыкі

Іван Бядко пабудаваў дом, пасадзіў шмат дрэваў, выгадаваў дачку і сына, праводзіць у масы ідэі БХД, любіць плесці кошыкі. Ён, як усе беларусы, хоча жыць лепш — жыць не горш за паляка, літоўца, немца.

Іван Бядко за любімай працай

Іван Бядко за любімай працай

Івана Бядко я часта сустракаю на лецішчах. А іх у яго аж два: адно ў роднай вёсцы Шылавічы, якая знаходзіцца побач з Жыровічамі, а другое — у Слоніме на вуліцы Пушкіна. У Шылавічах засталася хата і зямля ад бацькоў, а ў Слоніме — невялічкая хатка — спадчына ад цёткі яго жонкі Ірыны.

Вось там на сотках і любіць у вольны час пакапацца спадар Іван. Ён апантаны зямлёй, кветкамі, дрэвамі, травой, птушкамі. Дый не любіць ён іх не можа. Бо, як кажа Іван Сямёнавіч, ён сам вясковы хлопец, таму жыццё і клопаты сялян — прыроду і зямлю, тое, як пахне ралля і як спяваюць птушкі, — ведае добра, бо ўсё перажыў з самага маленства.


Маленства і юнацтва

Іван Бядко нарадзіўся 10 снежня ў беларускай сялянскай сям’і Сямёна Андрэевіча і Ганны Сцяпанаўны. Звычайныя вясковыя людзі, якія ўсё жыццё адпрацавалі на роднай зямлі. Пакідаў бацька родную вёску Шылавічы Слонімскага раёна толькі адзін раз, калі забралі яго на фронт. Дзякаваць Богу, вярнуўся з вайны з ордэнамі і медалямі.

Сям’я ў Сямёна і Ганны Бядко была вялікая — пяцёра дзяцей. Таму маленства было нялёгкім: даводзілася шмат працаваць, каб выжыць. Іван распавядае, што пасля школы і на канікулах працаваў у калгасе на палявых работах. Рана навучыўся баранаваць, праполваць і асыпаць бульбу, касіць траву, вазіць сена, запрагаць каня, нарыхтоўваць на зіму дровы. Але спачатку пасвіў кароў. Пакуль пас хатнюю жывёлу, вучыўся ў старэйшых хлопцаў плесці лазовыя кошыкі. Гэта захапленне не пакідае яго і зараз.

Яшчэ ў школе палюбіў мастацкую літаратуру, і кніг не выпускае з рук і да сённяшніх дзён.

У 1968 годзе Івана Бядко прызвалі ў Савецкую Армію. Службу праходзіў у групе савецкіх войск у Германіі. А калі пачаліся вядомыя падзеі ў Чэхаславакіі, адправілі вайскоўца-беларуса туды. «Але зброю супраць чэхаславацкага народу я не ўжываў, абышлося тады без нас», — прыгадвае Іван Сямёнавіч.


Каля помніка Ларысы Геніюш у Зэльве

Каля помніка Ларысы Геніюш у Зэльве

Фельчар

Пасля арміі Іван Бядко скончыў Слонімскае медвучылішча па спецыяльнасці фельчар. Паступаў у Гродзенскі медінстытут, але не хапіла двух балаў, таму ў інстытут не прайшоў па конкурсе. Ён не адчайваўся — пачаў працаваць фельчарам. Спачатку ў Мастоўскім раёне, а потым вярнуўся на родную Слонімшчыну і ўладкаваўся фельчарам у Слонімскі медвыцвярэзнік. А з 1982 года перайшоў на працу ў наркалагічны кабінет Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы. Любіў сваю працу, нават прайшоў курсы навучання па методыцы Г.А. Шычко аб пазбаўленні шкодных звычак. Праводзіў работу з пацыентамі аб пазбаўленні іх ад алкагольнай, наркатычнай і тытунёвай залежнасці. Працаваў там да 2009 года. Але аднойчы яго выклікаў галоўны ўрач бальніцы Юрый Пяцельскі і сказаў, што з ім больш не будуць працягваць кантракт. Але гэта здарылася пазней.

Сябра БНФ

У 1989 годзе ў Слоніме мясцовы актывіст і паэт Рудольф Пастухоў зарэгістраваў у райвыканкаме Слонімскую арганізацыю БНФ. Яму дапамагалі настаўнік Мікалай Ракевіч і гісторык Ігар Падгарадзецкі. Праз пэўны час кіраўніком Слонімскай партыі БНФ быў абраны Мікалай Ракевіч.

І дзейнасць слонімскіх сяброў БНФ значна актывізавалася. Пачалі актыўна наладжвацца пікеты, мітынгі, сустрэчы сярод насельніцтва. Да партыі БНФ хутка далучыўся і Іван Бядко. А ў кастрычніку 1993 года сябры БНФ разам са святаром айцом Сергіем усталявалі ў цэнтры Слоніма вялікі крыж на месцы, дзе да вайны і пасля вайны стаяў праваслаўны сабор (у 1960-х гадах сцены сабора разбілі танкамі і цалкам знішчылі). У 1994 годзе старшынёй Слонімскай Рады БНФ аднагалосна быў абраны Іван Бядко. Пасля абрання яго кіраўніком на адной з сустрэч Іван Сямёнавіч сказаў: «Сябры, так жыць далей нельга. Нешта трэба мяняць у нашым жыцці, якое не паляпшаецца».

Слонімскія грамадскія актывісты з Анатолем Лябедзькам (злева направа) Іван Шэга, Віктар Марчык, Іван Бядко

Слонімскія грамадскія актывісты з Анатолем Лябедзькам (злева направа) Іван Шэга, Віктар Марчык, Іван Бядко

Выбары

У 1994 годзе ў Беларусі адбываліся першыя дэмакратычныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У выбарах удзельнічалі 6 кандыдатаў. Слонімскія сябры БНФ працавалі на карысць Зянона Пазьняка. Яны збіралі подпісы, вялі вялікую агітацыйную працу, ладзілі назіранне. А ў лютым 1994 года арганізавалі ў Слонімскім РДК сустрэчу з Зянонам Пазьняком. Людзей на сустрэчу прыйшло столькі, што вялікая зала РДК не змяшчала ўсіх ахвочых.

Такой сустрэчы раённы Дом культуры (цяпер Цэнтр культуры) у Слоніме не ведаў з дня яго пабудовы і да сённяшніх дзён. «У выніку фальсіфікацый у другі тур прэзідэнцкіх выбараў прайшлі Аляксандр Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч», — прыгадвае Іван Сямёнавіч.

Але палітычная барацьба ў Слоніме працягвалася. У 1995 годзе праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Слонімскія сябры партыі БНФ вылучылі па гарадской акрузе кандыдатам у дэпутаты тэатральнага рэжысёра Мікалая Варвашэвіча, а па сельскай акрузе — пісьменніка і настаўніка Аляксея Якімовіча. Іван Бядко ўзначальваў штаб Мікалая Варвашэвіча. Усе сябры-партыйцы за двух кандыдатаў правялі вялікую працу сярод насельніцтва.

Іван Бядко прыгадвае: «З васьмі кандыдатур, як стала вядома з камісіі, у другі тур выходзілі Мікалай Варвашэвіч і Міхаіл Дмухоўскі. Але падчас чарговай фальсіфікацыі ў другі тур прайшлі праўладны кандыдат Міхаіл Дмухоўскі і загадчык гарадскога аддзела адукацыі Станіслаў Бубен. Перамог тады Дмухоўскі».

Працы і «заахвочванні»

Упершыню ў 1995 годзе Іван Бядко паспрабаваў балатавацца ў Гродзенскі абласны Савет. Але марна — не прапусцілі. Ды грамадскі актывіст не спыніўся. Ён пайшоў у палітыку, разам са сваімі землякамі актыўна займаецца рознымі грамадскімі справамі. Некалі з Георгіем Маскаўчуком абаранілі ад вынішчэння лес у сваім мікрараёне Слоніма.

Ён пачаў выдаваць разам з сябрамі па партыі газету «Змагар» (выйшла 6 нумароў), дзе ў кожным нумары публікаваў артыкулы на палітычныя тэмы. Выкрываў фальсіфікацыю выбараў у Палату прадстаўнікоў па Бальнічнаму ўчастку Слоніма. Прымаў удзел амаль ва ўсіх дэмакратычных мерапрыемствах не толькі ў маштабах раёна, але і рэспублікі.

19 снежня 2010 года Іван Бядко прымаў удзел у акцыі апазіцыі супраць фальсіфікацыі выбараў. Яго затрымалі. І 15 сутак ён адбыў на Акрэсціна. Калі я спытаў у Івана Сямёнавіча, што найцяжэй было пераносіць у няволі, ён адказаў: стаяць у «стаканах». «Стаканы» — гэта камеры, дзе змяшчаліся толькі два чалавекі, а нас туды заганялі па чатыры і трымалі паўтара сутак. Не давалі ні піць, ні хадзіць у прыбіральню, нічога не дазвалялі. Калі прасілі вады, ахоўнікі казалі, што ім самім яе не хапае», — распавядае актывіст.

Вярнуўшыся ў Слонім з Акрэсціна, ён шчыра прызнаўся, што трапіў у Мінск на плошчу, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак, каб унесці асабісты ўклад у спыненне духоўнага і прававога Чарнобылю на Беларусі, які адбываецца ўжо шмат гадоў. «І я лічыў сваім абавязкам там прысутнічаць. І я свой абавязак выканаў», — сказаў Іван Бядко.

Сустрэча ў Слоніме. Іван Бядко ў цэнтры

Сустрэча ў Слоніме. Іван Бядко ў цэнтры

Архіў позваў

У 2009 годзе Іван Бядко перайшоў у БХД. Сёння ён з’яўляецца каардынатарам партыі БХД у Слоніме. І працягвае праводзіць розныя сацыяльныя кампаніі. А за адну з іх, якая называлася «Найперш працоўныя месцы, а потым дэкрэт аб дармаедстве», з ім і не падпісалі працоўны кантракт.

Але грамадскі актывіст не падае духам, ён жыве і працуе. Праўда, па-ранейшаму шмат яму дастаецца ад мясцовых чыноўнікаў і міліцыі. У сваім хатнім архіве Іван Сямёнавіч захоўвае сотні газетных публікацый пра парушэнні правоў чалавека на Слонімшчыне, пра дзейнасць мясцовага грамадскага руху. Ёсць у яго архіве і розныя даведкі, фотаздымкі, запрашэнні і праграмкі з розных дэмакратычных форумаў, сустрэч, канферэнцый. Захоўвае ён і дзясяткі, а то і сотні позваў у міліцыю, суд, пракуратуру.

«Усё гэта для гісторыі спатрэбіцца. Час працуе на нас!» — упэўнена сцвярджае слонімец.

* * *

Сёння Іван Бядко не толькі праводзіць ідэі БХД у масы, каб пабудаваць грамадзянскую супольнасць, якая зможа адстойваць свае інтарэсы ды будзе дамагацца вырашаць свае праблемы. Іван Бядко, як усе беларусы, хоча жыць лепш — жыць не горш за паляка, літоўца, немца. Гэта жыццёвыя абставіны зрабілі яго палітычна-грамадскім актывістам у рэгіёне. А ён насамрэч — апалітычны чалавек, які пабудаваў дом, пасадзіў шмат дрэў, выгадаваў сына і дачку. Які любіць лецішчы і, вядома ж, плесці кошыкі. А потым іх дарыць сябрам і знаёмым. На памяць.

Фотаздымкі з архіва аўтара