«Я збіраюся адсюль не збірацца». Аляксандру Кулінковічу — 50
Сёння Аляксандру Кулінковічу споўнілася бы 50 год. Больш за тры гады таму дзядзя Саша нечакана пайшоў у лепшы сусвет. За гэты час шмат чаго адбылося, іншым разам з’яўляецца думка пра тое, што як добра, што Саша гэтага ўсяго не бачыць... Прыхільнікі ягонага таленту, сябры і сваякі аб’ядналіся ў «вялікую нашу сям’ю» і стараюцца трымацца разам. Ну а як інакш? #Cашатут!
Анастасія Мурашка (скрыпачка «Веласіпедыстаў»):
— Звычайна ў гэты дзень былі канцэрт ці рэпетыцыя да яго. З канцэртам усё зразумела. На рэпетыцыю была звычайна піца ці яшчэ штосьці смачнае. Мы дарылі яму нейкія рэчы, патрэбныя на канцэртах, кшталту пюпітра ці яшчэ штосьці. Практычныя такія рэчы, не «дзеля галачкі». Саша любіў падарункі, але яшчэ больш ён любіў сам нешта дарыць. З кожнага свайго падарожжа прывозіў штосьці кожнаму з нас. Калі ў мяне нарадзілася малодшая дачка, Саша прывёз ёй залаты крыжык з Ерусаліму. Вёз яго пад майкай, як ён тады сказаў — «пад сэрцам...». Ён любіў рабіць добрыя нечаканыя сюрпрызы.
Аднойчы мы ездзілі граць на вяселле да фаната «Нейра Дзюбеля». Сваякі звязаліся з намі таемна ад яго і мы на другі дзень вяселля паехалі граць. Я ніколі не забуду вочы гэтага хлопца, калі ён убачыў хто да яго прыехаў, ён літаральна ледзьве не страціў прытомнасць. Столькі шчасця было, нас вельмі добра прымалі. Нам з Сашам заўсёды было вельмі добра, што бы ні здаралася.
Калісьці ён сказаў што было б крута зрабіць такі канцэрт каб «Нейра Дзюбель» і «Веласіпедыстаў» гралі разам на адной пляцоўцы. Вельмі яму падабалася гэтая ідэя. Можа, калі б Саша быў жывы, ягонае 50-годдзе мы бы так і адзначылі... Ён літаральна жыў сцэнай.
Я вельмі часта ўзгадваю Сашу. Першае, што ўсплывае пры ўспамінах — ягоныя вочы. Журботныя вочы. Ён быў неверагодна цёплым і вельмі ранімым чалавекам. Я чамусьці заўсёды адчувала ў ім некую трагічнасць, унутраную журбу. Саша быў вельмі сумленным што на сцэне, што ў жыцці, вельмі балюча перажываў несправядлівасць, не ішоў ні на якія кампрамісы з сумленнем і вельмі часта пакутаваў з гэтай нагоды.
Мая малодшая дачка часта спявае «Тараканы не плачут», а мой успамін пра Сашу — «Недоделанный клоун, ненакрашенный мим, я прощаю...» Нам вельмі без яго цяжка дагэтуль.
Зміцер Чыжэўскі (сябра Аляксандра Кулінковіча):
— Дзень нараджэння Сашы гэта заўсёды быў канцэрт. Калі яму споўнілася 45 — быў канцэрт у «Мулен Руж». У мяне да таго былі доўгія валасы і літаральна перад канцэртам я падстрыгся. Саша прыкладна за гадзіну да канцэрта даваў камусьці інтэрв’ю, закончыў і пайшоў літаральна на мяне. Абышоў і пайшоў далей. Я яму крычу «Саша!», ён абарочваецца, глядзіць на мяне і зноўку ідзе далей. Толькі з другога ці трэцяга разу пазнаў. На наступны год ягоныя народзіны адзначалі канцэртам у «Бругге» і ён папрасіў мяне адвезці яго, бо не вельмі добра сябе адчуваў. Увечары таго дня горад літаральна затапіла, быў досыць моцны дождж. Як мы тады прадзіраліся па гэтаму ўсяму! Заторы, патокі вады з усіх бакоў... Але ж неяк паспелі. На тым канцэрце ўсе музыканты «Нейра Дзюбеля» былі з сем’ямі. Я не памятаю каб Саша неяк інакш адзначаў гэты дзень, ніколі не было такіх пасядзелак у вузкім коле.
«Нейра Дзюбель» я слухаў яшчэ ў 1990-х, потым нейкі час не слухаў, і неяк мне хтосьці падарыў квіток на іх канцэрт. Потым я ўжо не прапусціў аніводнага канцэрту, пачаліся ўжо асабістыя зносіны і перараслі ў сяброўства. Мы з ім калісьці паспрабавалі ўзгадаць той пераходны момант ад зносінаў «артыст-аматар» да сяброўства і не здолелі. Само сабой так атрымалася цягам часу.
Саша нейкім чынам ведаў дзе можна набыць штосьці якаснае танней — ад адзежа да нейкіх вытанчаных прадуктаў. Звоніць: «Так, збірайся, я тут даведаўся што там ёсць такое». Ну паехалі!
Вельмі любіў рыбалку! Ён меў сваё асабістае месца побач з Мінскам, дзе ў яго была «сувязь з космасам». Раней ён там са Сцёпам (Андрэй Сцепанюк — бубнач «Нейра Дзюбеля») бываў і неяк мне тэлефануе: «Паехалі». А я дагэтуль вуду ў руцэ два разы трымаў у дзяцінстве, няма нічога рыбацкага. «Паехалі», кажа, «у мяне ўсё есць». Так ён мяне і прыахвоціў да рыбалкі. У сезон стараліся раз на тыдзень выбірацца туды. У 2018 годзе былі ў Шаблінскага (Уладзімір Шаблінскі — уладальнік хутара «Шаблі», арганізатар канцэртаў), але нічога не злавілі, як ні стараліся. Жонка Шаблінскага тады смяялася і казала, што тут рыбу не злавіць, бо Шаблінскі цэлымі днямі яе ходзіць карміць і яна не галодная зусім. Саша не лічыў сябе паспяховым ані рыбаком, ані грыбніком. Казаў, што ў гэтых справах шанцуе дурням, навічкам і п’яніцам... Калі ў 2017 годзе быў такі грыбны сезон, што людзі багажнікамі вазілі грыбы, я некалькі разоў падбухторваў Сашу паехаць таксама, але ён тады нязменна казаў, што «з маім шанцаваннем мы трапім на вялікае нішто».
Міхалыч ідэальна распавядаў розныя гісторыі, расказваў анекдоты. Гэта быў натуральна тэатр аднаго акцёра! Больш такіх людзей я не сустракаў. Мне вельмі зараз не хапае Сашы-сябра і Сашы-артыста. Кожнага па-свойму. Кулінковіч вельмі тонка адчуваў момант — што калі трэба зрабіць. Дзесьці падтрымаць, дзесьці адчыхвосціць, груба кажучы. Пасля канцэрта ў Прайм-Холе я сабе сказаў, што мой «Нейра Дзюбель» скончыўся. Я добра разумею музыкаў «Дзюбелей», болей таго — я лічу, што гэтыя песні павінны грацца, тым больш, што Саша гэтага вельмі хацеў, але асабіста для мяне Кулінковіч гэта і быў «Нейра Дзюбель».
Яўген Броўка (бас-гітарыст «Нейра Дзюбель», вакаліст і бас-гітарыст «Веласіпедыстаў»):
«Дзень народзінаў Кулінковіча заўсёды праходзіў ці на канцэртах, ці ў паездках на канцэрты, ці ў падрыхтоўках да канцэртаў. Мы ніколі не сядзелі нейкай купкай за святочным сталом з аліўе. У паездках было цікавей! Памятаю, як мы на адны народзіны хацелі падарыць Сашы новы мікрафон і шмат высілкаў прыклалі, каб знайсці той, які яму бы спадабаўся і быў патрэбны. Знайшлі, падарылі. Саша быў тады вельмі шчаслівы і досыць доўга ім карыстаўся.
Часам хадзілі піва папіць з ім, жылі побач. За жыццё гаварылі, за музыку, абмяркоўвалі нешта. Падчас адной такой сустрэчы ён неяк так абмовіўся, што калі яго не будзе ці «Нейра Дзюбеля» не будзе, то ён бы вельмі хацеў каб падлеткі ля пад’ездаў пад гітару спявалі яго песні.
«Веласіпедыстаў» Саша задумаў даўно, але не бачыў там бубнаў — толькі гітару і вакал. А ў мяне тады быў джамбэй, я яго набыў нават не сабе, а сыну — думаў неяк так яго да музыкі схіліць. Сын пагрукаў у яго пару разоў і сказаў, што яму не падабаецца. Калі дайшло ўжо да стварэння «Веласіпедыстаў», то я прапанаваў Сашы неяк паспрабаваць гэты джамбэй ужыць. Саша тады даволі скептычна пахмыкаў, але калі паспрабавалі — яму вельмі спадабалася.
Саша быў адначасова і калегам і сябрам. Калі мы сустракаліся сам насам — сябры. На рэпетыцыях і канцэртах — калегі і сябры. У «Нейра Дзюбелі» і пазней у «Веласіпедыстах» не магло быць такога: «Я сказаў і вы ўсе робіце так!». Кожны стараўся зрабіць свой унёсак у агульную працу. Можа з гэтай нагоды мы так доўга і пратрымаліся на сцэне.
Не хапае Сашы. Вельмі не хапае.
Фота аўтара
***
Сёння ў Варшаве а 19 гадзіне ў памяшканні Klub Remont (ul. Waryńskiego 12a) адбудзецца канцэрт, прысвечаны 50-годдзю з дня нараджэння Аляксандра Кулінковіча з удзелам Lavon Volski, Уладзімір Пугач (J:Mорс), Юры Стыльскі (Дай Дарогу), Дзяніс Тарасенка (РСП), Алесь Дзянісаў (Dzieciuki), Аляксандр Памідораў, «Зьмяя», Алесь-Францішак Мышкевіч.