Як дзяржава змагаецца з Нінай Багінскай

69-гадовая грамадзянская актывістка Ніна Багінская, лецішча якой выстаўляюць на аукцыён дзеля спагнання штрафаў, распавядае, што ўжо «маральна падрыхтавалася да такой страты».

Ніна Багінская

Ніна Багінская


Нагадаем, што апошнім часам за ўдзел у вулічных акцыях пенсіянерцы налічылі штрафы агульным памерам 75 мільёнаў недэмінаваных рублёў.

Каб спагнаць штрафы, судовыя выканаўцы абвясцілі аўкцыён па продажы лецішча грамадскай актывісткі.

Аўкцыён адбудзецца 17 жніўня ў Смалявічах. На продаж выстаўлены зямельны ўчастак памерам 0,07 га з садам і гародам, а таксама садовы дамок плошчай 27 квадратных метраў. Першапачатковы кошт маёмасці — 10 тысяч рублёў (каля 5 тысяч долараў).

Ніна Багінская распавяла “Радыё Рацыя”:

— Я працягваю ездзіць на лецішча, хаця маральна ўжо падрыхтавана да таго, што магу страціць маёмасць. Але гэта мая прынцыповая пазіцыя — не плаціць штрафы, бо з майго боку, лічу, ніякіх парушэнняў закона не было. Выйшла на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам? Што гэта за парушэнне закона, што гэта крымінал?

Кажуць, што вам прапаноўвалі грошы, каб заплаціць штрафы, і тады лецішча можна было б захаваць…

— Я адмовілася прымаць грошы. Сказала: “Вам, маладым, яны больш спатрэбяцца, а я ўжо сваё жыццё пражыла”. Для мяне не сталі адкрыццём тыя рэпрэсіўныя крокі, што сёння робіць улада, бо ў гэтым жыцці шмат чаго пабачыла. Мяне ў свой не хацелі прымаць у геолага-даследчы інстытут, бо мела антыкамуністычныя погляды. Не далі ў НДІ дапрацаваць восем гадоў да пенсіі, бо мела дачыненне да БНФ і распаўсюджвала на працы ўлёткі. Таму рэпрэсій за час свайго жыцця я наглядзелася. Не напалохаюць.

Думаеце, што ваша прынцыповасць нешта можа змяніць?

— Мяркую, прыйдзе час, калі ўлада адкажа за ўсё. А зараз няхай народ пабачыць, як дзяржава змагаецца з 80-гадовай пенсіянеркай, якая не хоча крочыць “у нагу” з уладай.


Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара