N 604 Щ. Да сьмерці беларускай волаткі Леакадзіі Шышэі

18 студзеня ў Вільні памерла беларуская волатка Леакадзія Шышэя. Прыгожая і крохкая кабета 94 год, на плячох якой месьціўся вялікі беларускі сьвет, пакінула нас без сваёй аховы і ўпартых, нязломных ведаў-сьцьверджаньняў пра савецкую жуду.

Дысідэнтка, гулагаўка, знаёмая Ларысы Геніюш, жонка дзеяча беларускага нацыянальна-вызвольнага руху і дэсантніка батальёну «Дальвіц» Кастуся Шышэі, спадарыня Леакадзія пасьля васьмі з паловай гадоў лягероў за ўдзел у антысавецкай арганізацыі «Чайка» апынулася з мужам у Вільні. Бо на радзіме яе ня дужа чакалі — знайсьці новае жыцьцё ў чароўнай і вечна змагарскай Вільні сталася значна лягчэй.

Яна не пісала тэкстаў, заставалася ў ценю мужа, да яе часта зьвярталіся пераважна як да той, хто з турэмных часоў ведала Ларысу Геніюш. Пры гэтым яна была ня толькі жонкай і сяброўкай кагосьці слыннага, яна сама ўвасабляла непаўторны, цікавы і часам вусьцішны сьвет-успамін пра нашае мінулае, важны голас вуснай гісторыі. Яна заставалася душой беларускае Вільні, наведвала беларускія імпрэзы, а ў апошнія гады ўжо з дому спачувала беларускам, якія змагаліся з чарговай аўтарытарнай навалай пасьля 2020 году. І яе не зьдзіўляла тое, што рабілася і робіцца ў Беларусі і Расеі. Досыць пэсымістычна канстатавала, што пакуль Расея гаспадарыць у Беларусі, нам ня стаць на цывілізаваны шлях. Беларусаў называла «няшчаснымі» і ня верыла ў хуткую іхную перамогу. Акрамя ўплыву Расеі ды чыньнікаў, якія вызначаюць паразу беларускіх пратэстаў, адносіла і празьмерную «памяркоўнасьць» саміх беларусаў, якія церпяць і маўчаць. Вельмі пільна спдн. Леакадзія сачыла за рухам жанчынаў у белым: яе ўражвала сьмеласьць жанчынаў. Жанчыны ў белым выклікалі ў яе ўспаміны пра шматлікіх зьняволеных жанчынаў у ейную маладосьць, яна лічыла, што цяперашнія жанчыны ў белым дзейнічаюць так, як зрабіла б Ларыса Геніюш.

Дзякуючы Людвіцы Кардзіс, у 2021 і 2022 гадох мне ўдалося пазнаёміцца зь віленскай волаткай, якая жыла на Антоклі, і разам зь Людвікай мы запісалі цікавыя некалькігадзінныя інтэрвію са спадарыняй Леакадзіяй. Жыцьцё Леакадзіі заслугоўвае асобнай кнігі, якая, няма сумневу, зьявіцца ў недалёкай будучыні. Свой аповед і, мажліва, будучую кнігу пра беларускую геройку я б назваў «N 604 Щ»: яго спдн. Леакадзія атрымала ў вязьніцы і да сьмерці Сталіна мусіла адгукацца на нумар, а не на імя. Да скону яна запомніла нумар і пры стрэчы жартам, але і са скрухою распавядала пра такі перахрост чалавека ў ГУЛАГу. Калі памёр Сталін, першай станоўчай зьменай сталася тое, што было спыненае называньне зьняволеных па нумарах — вярнуліся да імёнаў. Яе зьдзіўляла пакора і дурнота многіх жанчынаў у турме, якія плакалі ад навіны пра сьмерць дыктатара і працягвалі называцца па нумарах. Па вызваленьні яна выкінула турэмныя рэчы, у тым ліку робу, бо не хацелася мець перад вачыма сумнага напаміну, але пры гэтым яна пакінулу цікавыя ўспаміны і няскрадзены аптымізм, дзякуючы якому і вытрымала ў савецкім пекле. Але ж да скону ёй так і не ўдалося вынішчыць з памяці і цела нумару, нададзенага ёй савецкай радзімай. Нумары замест імёнаў цудоўна сьведчаць аб сапраўдным характары СССР і цяперашняй Беларусі, якая працягвае трактаваць чалавечае жыцьцё як уласнасьць дзяржавы.

Летува прызнала яе зьняволенай і надала заслужанае грамадзянства, беларуская дыяспара прызнала яе геройкай, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла яе мэдалём «100 гадоў БНР», і толькі афіцыйная радзіма ніяк не ўганаравала беларуску, якая «за нішто» адседзела восем з паловай гадоў у ГУЛАГу, так і не атрымаўшы пасьля ані прабачэньня, ані кампэнсацыі.

Яшчэ пры жыцьці і тым больш цяпер, у сьмерці, Леакадзія далучылася да кагорты няскораных беларусак, якія складаюць нябачны, але існы пантэон волатаў беларушчыны.


Цяпер, калі спдн. Леакадзія сышла, мне застаюцца хіба ўспаміны аб апошняй стрэчы зь ёю — 1 чэрвеня 2022 году. У дзень ейнага нараджэньня я заехаў да яе з букетам кветак. Ледзьве трапіў да яе праз закадаваныя дзьверы пад'езду, адмовіўся ад кавы, толькі ў парозе каліва пагаварыў зь ёю і моцна абняў на разьвітаньне, каб больш ніколі не сустрэцца…


Фота аўтара
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: