Някляеў Карпянкову: народ расстрэльвалі энкэвэдысты, расстрэльвалі фашысты, а цяпер — вы?!

На сваёй старонцы ў фэйсбуку экс-кандыдат у прэзідэнты і паэт і пісьменнік Уладзімір Някляеў размясціў адкрыты ліст камандзіру ГУБАЗіК палкоўніку Мікалаю Карпянкову.

marsz_adzinstva_6__15__logo.jpg


"Гэты ліст я мог бы напісаць усім кіраўнікам сілавых структур і іх падраздзяленняў (Церцелю, Казакевічу, Балабе ды іншым), якія запалохваюць удзельнікаў мірных пратэстаў выкарыстаннем стралковай зброі. Але паколькі ў нас з вамі дзесяцігадовай даўніны “адносіны”, пішу асабіста вам.
Мяне ўразіла ваша выказванне пра гуманнае выкарыстанне зброі. Я паэт, не надта разбіраюся ў вайсковай тэрміналогіі, таму спытаў знаёмага вайскоўца (таксама, між іншым, палкоўніка), што б гэта магло значыць? Ён адказаў, што з ягонага гледзішча толькі адно: забіць чалавека першым стрэлам. Каб пасля яго не дабіваць, каб ён не мучаўся.
19 снежня 2010 года вы, як камандзір міліцэйскага спецназу “Алмаз”, атрымалі загад “нейтралізаваць” кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева, не даць магчымасці яму і ягоным паплечнікам выйсці на Плошчу. Пасля вашага нападу, вынікам якога стала чэрапна-мазгавая траўма, я апынуўся ў палаце рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі. Вы не забілі мяне “першым стрэлам”, я не апынуўся адразу ў моргу толькі таму, што перад самым выхадам на вуліцу Калектарную, дзе адбыўся напад, жонка надзела мне на галаву скураную, тоўстую з падкладам шапку.
Я падаваў на вас у суд за спробу забойства, але суд прызнаў гэтую спробу апраўданай. Нават аказалася, што вы не білі нас, а баранілі.
Я не чакаў ад суда нічога іншага. Проста мне хацелася пачуць у судзе адказ на пытанне: чаму неўзабаве пасля нападу Лукашэнка зняў вас з пасады камандзіра спецназу “Алмаз”? І чаму не прысвоіў, як чакалася, званне генерала?
У 2010 годзе, калі над мірнымі людзьмі, якія пратэставалі супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх “выбарах”, была ўчыненая крывавая расправа на Плошчы Незалежнасці, рэжым, якому вы служыце, апраўдваў гэты тым, што нібыта сярод пратэстоўцаў былі бандыты, тэрарысты — да таго ж узброеныя. І тады ж правакацыя, прыдуманая спецслужбамі, была выдадзеная за спробу штурму Дома ўраду. Ніводнага тэрарыста і ніякай зброі пасля не знайшлося, але белы снег на Плошчы стаў чырвоным.
Вось і сёння зноў чуваць: правакацыі, бандыты, тэрарысты. І яшчэ чуваць: “Мы будзем страляць!” Вы спрабуеце спыніць мірныя пратэсты, пагражаючы крывёй, не разумеючы, што спыніць нічога ўжо нельга. Рэвалюцыя адбылася ў свядомасці – і гэта незваротна. Прыйшоў новы час з новымі людзьмі – і стары час мусіць саступіць яму месца. Непазбежна. Пытанне толькі ў тым: як ёй сыйдзе? Колькі народу яшчэ пакалечыць, колькі чалавечых лёсаў паламае, колькі жыццяў забярэ з сабой?
Вы толькі падумайце, пра што вы кажаце! Пра новыя Курапаты! Пра расстрэл народа! Яго расстрэльвалі энкэвэдысты, расстрэльвалі фашысты, а цяпер — вы?!.
Калі я іду ў калонах людзей, адухоўленых, узвышаных ідэяй свабоды, марай пра новую Беларусь, я бачу, што людзей гэтых ніхто і нічым ужо не можа застрашыць. Я адчуваю іх гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля новай, свабоднай Беларусі – і такую ж гатоўнасць поплеч з імі адчуваю ў сабе. Таму як выходзіў, гэтак і буду я выходзіць на мірныя пратэсты супраць падману народа на сёлетніх прэзідэнцкіх “выбарах”, супраць здзеку над народам, нягледзячы на тое, што вы можаце мяне “нейтралізаваць” — і нарэшце стаць генералам.