Саша. Чалавек, які дакументуе час
8 кастрычніка затрымалі Аляксандра Вялітчанку — актывіста, журналіста, вольнага і творчага чалавека. Суддзя палічыла, што лепшае пакаранне для яго за ўдзел у масавым мерапрыемстве — 10 сутак. А запомніў яго супрацоўнік міліцыі праз «выбітную знешнасць». Зрэшты, выбітная ў Сашы не толькі знешнасць, але і творчасць. Пра яе — далей.
Саша чуллівы чалавек, і таму яго моцна хвалююць вострыя сацыяльныя і экалагічныя тэмы.
У мінулым годзе ён стаў пераможцам Конкурсу маладых журналістаў імя Аляксея Караля ў намінацыі «Сацыяльна-эканамічны матэрыял» за відэа «Ежа замест бомб: як гэта робяць у Мінску». Таксама яго аўтарству належыць кранальнае відэа пра Івянецкі дом-інтэрнат, дзе жывуць дзеці з парушэннямі апорна-рухацельнага апарата і ДЦП.
Гэтай гарачай восенню ён здымаў для НЧ мірныя нядзельныя (і не толькі) пратэсты — вось тут усе ягоныя матэрыялы, але апошнімі будуць якраз відэа з вулічных шэсцяў.
Вас чакае крыху настальгіі, бо там і відэа з памінальнага шэсця «Канапляныя Дзяды», якую ладзіў «Моладзевы блок», пікет супраць сучаснага беларускага войска, акцыя актывістак Матчынага руху 328 і пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй. Усё гэта было толькі год таму (а адчуванне, быццам усе дзесяць!).
Таксама раю паглядзець відэа спецвыпуска «High Talk. Интервью наоборот» ад Зяленага парталу і відэа пра будаўніцтва порта воднага шляха Е40 у Ніжніх жарах.
І, нарэшце, мае любімае — гэтым летам разам з камандай ён здымаў дакументальны фільм пра сумнавядомы шлях Е40. Некалькі тыдняў хлопцы сплаўляліся па вадзе ажно 600 км па маршруце Брэст - Мазыр! Зараз хлопцы працуюць над фільмам. Спадзяюся, што хутка пабачым!
Паглядзіце фотаздымкі і відэа з вандроўкі ў іх акаўнце ў інстаграме @e40doc.
Чакаем вызвалення творчага, вяселага, добрага, смелага і шчырага Сашы 18 кастрычніка ў 18 гадзін.
Эх, хто ж здыме на гэтым тыдні для «Новага Часу» традыцыйны нядзельны марш у Мінску?