Святлане Алексіевіч заблакіравалі банкаўскі рахунак у Германіі
Гэта здарылася таму, што нобелеўская лаўрэатка не паспела своечасова падоўжыць від на жыхарства.

Фота з сайта racyja.com
«Блакіраванне рахунку Святланы Алексіевіч — не выключны выпадак, а досыць шараговая сітуацыя, такое здараецца з вялікай колькасцю беларусаў, якія па нейкіх прычынах не паспяваюць своечасова падоўжыць від на жыхарства. У банку Святлане сказалі, што гэтыя абмежаванні тычацца беларусаў і расійцаў — у сувязі з вайной. Праблема не ў тым, што такое не павінна здарацца з нобелеўскім лаўрэатам (падыход павінен быць адзіны для ўсіх) — такога не павінна здарацца ні з кім. Патрэбна змена падыходаў для тых, хто быў вымушаны выехаць з Беларусі праз пераслед, але працягвае працу на дэмакратыю», — пракаментавала сітуацыю кіраўніца Беларускага ПЭН Таццяна Нядбай.
Новы ВНЖ Святлана Алексіевіч атрымае на пачатку красавіка 2023-га. У сутычцы са славутай нямецкай бюракратыяй — бюракратыя перамагла.
Увосень 2019 года Святлана Алексіевіч была абрана віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага ПЭН-клуба, а праз некалькі тыдняў — старшынёй Рады Беларускага ПЭН-цэнтра.
У жніўні 2020 года далучылася да каардынацыйнай рады, ініцыіраванай Святланай Ціханоўскай (кандыдатуру якой Алексіевіч падтрымлівала на прэзідэнцкіх выбарах), стала членам прэзідыума названай рады. Пасля таго, як у 2020 годзе да яе дома ў Мінску прыйшлі сілавікі, пісьменніца пераехала ў Берлін.
Варта адзначыць, што ў 2021 годзе Святлана Алексіевіч была ўзнагароджана Вялікім крыжам 1-й ступені Ордэна «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія».
