«У маёй палаце памерла 10 чалавек»

«Людзі паміраюць нават не ад болю, а ад дэпрэсіі», — гаворыць грамадскі актывіст Віктар Кулак. Ужо каля месяца ён знаходзіцца ў хоспісе і дзеліцца сваім досведам пераадолення безвыходнасці.

У бусе ГУБАЗіКа стаў «мастаком»

Віктару Кулаку 41 год, ён нарадзіўся і вырас у Мінску, скончыў прафесійна-тэхнічную вучэльню па спецыяльнасці «шавец», але ніколі па ёй не працаваў. Пасля вучэльні зарабляў на будоўлях. А ў 1996 годзе праз сябра далучыўся да незалежніцкага руху. Маці Віктара паходзіць з Семежава, але пра гісторыю гэтага мястэчка і падзеі Слуцкага збройнага чына ён даведаўся, толькі стаўшы грамадскім актывістам — у сям’і пра антыбальшавіцкі супраціў ніхто не распавядаў.

Віктар наведваў усе знакавыя мерапрыемствы і акцыі, якія арганізоўвалі ў Беларусі дэмакратычныя сілы. Ён згадвае, як першы раз прыехаў у Курапаты, стаяў ля Крыжа пакуты і абраза Маці Божай Курапацкай аўтарства Алеся Марачкіна, і ад моцных пачуццяў з вачэй яго паліліся слёзы.

У 2016 годзе Віктар Кулак разам з іншымі актывістамі стаяў у пікетах у падтрымку блогера, а цяпер зноў палітвязня Эдуарда Пальчыса, працэс над якім ішоў тады ў Мінскім гарадскім судзе. За тыя пікеты на Віктара «намалявалі» 4 адміністрацыйныя пратаколы і пазней прысудзілі вялікія штрафы.  


На суткі мужчына ўпершыню трапіў каля года таму.

— Пасля маршаў пратэсту мы ў сябе на раёне рабілі лакальную акцыю, і нас забраў ГУБАЗіК. Пасадзілі на Акрэсціна, суд быў анлайн па скайпе, і мне далі 10 содняў. Пасля гэтага мяне і іншых хлопцаў пасадзілі ў аўтазак і павезлі ў Баранавічы. Тады з нас ніхто не здзекаваўся і ніхто не біў. Потым, калі пачалі ўжо выпускаць, у камеры зрабілі ператрус. Сказалі: «Вашыя выходзяць і кажуць, што ўсё нармальна, сядзець не страшна». Пасля гэтага нам пагоршылі рэжым. Перад выхадам мяне і яшчэ аднаго хлопца пасадзілі ў невялічкую халодную камеру, і апошнія содні я там даседзеў.  

Па словах Віктара, кампанія, у якой ён сядзеў, была вельмі добрая, усе, апроч яго, былі з вышэйшай адукацыяй.

— Калі я сядзеў у ГУБАЗіКаўскім бусіку, у мяне спыталі: «Ты что, художник?». Я кажу — «Ну так!». Я і музыку пішу ў адмысловым мабільным дадатку, і песні. Хаця я такі вельмі ўмоўны кампазітар.

Разам з прыходам у беларускі рух Віктар далучыўся да царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён і пахрысціўся. Тады ён упершыню сустрэўся з думкай, што ў кожнага чалавека ёсць свой талент, і пачаў пісаць вершы. Праўда, пісаў у сшытках і нідзе іх не публікаваў. Цяпер некаторыя з іх згубіліся, іншыя Віктар не можа прачытаць, бо праз хваробу ў яго моцна пагоршыўся зрок.


«Гэта быў шок»

У траўні мінулага года Віктар Кулак збіраўся на працу і зразумеў, што не можа надзець штаны, а язык заплятаецца. Ён патэлефанаваў напарніку і сказаў, што не можа выйсці на працу, а пасля выклікаў хуткую.
Віктара адвезлі ў 9 бальніцу, зрабілі КТ, якое паказала пухліну галаўнога мозгу.

— Для мяне гэта быў шок, таму што я амаль ніколі не хварэў. Самае моцнае, што было — прастуда, два пераломы рукі і аперацыя на мочапалавой сістэме.

Віктара перанакіравалі ў БХМД, дзе зрабілі аперацыю і ўзялі біяпсію. Вынікі паказалі, што пухліна злаякасная.

— Першыя пачуцці — гэта былі слёзы. А потым я стаў думаць, што мне з гэтым рабіць далей? Але ў мяне быў досвед: два гады таму памерла мая мама. Я чалавек веруючы, практыкуючы хрысціянін. Хрыстос сказаў: «Прыходзьце да Мяне ўсе абцяжараныя, і Я супакою вас». І сапраўды, тады я перанёс гора вельмі лёгка. Цяпер я таксама даверыўся Ісусу Хрысту, і Ён зрабіў мой цяжар лёгкім.

Віктар распавядае, што падчас хваробы атрымаў унікальны досвед. Ён ніколі не быў вядомым чалавекам, але цяпер адчувае вялікую салідарнасць ад людзей, і вельмі ўдзячны за гэта. Да яго прыходзяць знаёмыя і незнаёмыя людзі, якія стараюцца падбадзёрыць. Ва ўсім гэтым Віктар бачыць руку Бога.

— За той час, што я тут ляжу, у маёй палаце памерла 10 чалавек. Калі б не падтрымка ад Бога, то можа і дах сарваць, і дэпрэсію можна злавіць.


Віктар (злева) і грамадскі актывіст Леанід Кулакоў у хоспісе

Дэпрэсія, праўда, у яго спачатку таксама была. Але ён не даў ёй развіцца — дапамаглі сябры і класічная музыка, якую ён пачаў слухаць. Нават калі музыка не можа вылечыць фізічную хваробу, то духоўна яна сапраўды ацаляе, перакананы Віктар.

— Са мной ляжаць пацыенты, да кагосьці людзі прыходзяць, а да кагосьці не. Яны проста ляжаць. І паміраюць яны нават не ад болю, а ад дэпрэсіі. Тут вельмі важная любая ўвага.

Віктар кажа, што галоўнае, чаму ён навучыўся падчас хваробы, — гэта быць удзячным за ўсё, за любую дробязь. Сясцёр і санітарак ён называе «анёламі Божымі» і вельмі дзякуе ім за іх нялёгкую працу.

— Нас усіх атачаюць вельмі, здавалася б, банальныя рэчы. Хтосьці можа пасля працы пайсці дамоў, хтосьці можа пайсці налева ці направа, паехаць, куды захоча. А для мяне нават прайсціся ад станцыі метро «Міхалова» да майго дому — ужо была б вялікая радасць.


«Не сумуйце і рабіце дабро»

Дні ў хоспісе ўсе падобныя адзін на другі. Звычайна Віктар шукае ў інтэрнэце і глядзіць добрыя фільмы альбо слухае музыку на планшэце. Чытаць кнігі ён ужо не можа, бо стаў вельмі дрэнна бачыць. Але марыць мужчына не перастае. Ён марыць пра вяртанне да творчасці, хоча працягнуць пісаць вершы і музыку. І, канешне, самая галоўная мара — каб здароўе вярнулася.

А нядаўна адна з мараў Віктара здзейснілася: ужо пасля аперацыі, у кастрычніку, сябры дапамаглі яму з'ездзіць у храм у Кіеў.

— Пасля гэтага маё духоўнае жыццё памянялася ў добры бок. У мяне было адчуванне, нібыта я дома. Я запытваўся ў сябе, чаму не прыязджаў туды раней. Я адчуў адказы на свае малітвы, гэта быў цуд.

 Каля храма ў Кіеве

 Каля храма ў Кіеве

Мужчына прызнаецца, што ў яго жыцці было нямала рэчаў, якія б ён, калі мог, хацеў перайначыць.

— Я — чалавек недасканалы, майстра рабіць памылкі. І ёсць памылкі, пра якія я шкадую. Я быў трохі ленаваты да працы. Калі была б магчымасць, я б змяніў адносіны да сваёй мамы, таму што яны былі не вельмі добрыя. Нашы мамы — гэта самае дарагое, што мы маем. І нашыя жоначкі. У мяне жонкі не было, і дзяцей няма, але дзяўчына ёсць, і без яе не было б паўнаты шчасця.


Віктар падчас паездкі ў Кіеў

Віктар — адзін з нямногіх людзей, хто, нягледзячы на дыягназ, не ўпадае ў роспач, а імкнецца захоўваць добры настрой і думкі.

— Эмацыйна так добра, як цяпер, я сябе ніколі не адчуваў, — гаворыць ён.

Але і яму самому, безумоўна, патрэбная падтрымка. Ён вельмі рады тэлефанаванням на Вайбер ці Вацап, можна таксама патэлефанаваць яму ў месенджар у Фэйсбуку. Наведаць Віктара Кулака ў хоспісе можна па адрасе: Мінск, вул. Аўтадораўская, 3Е, палата 1. Гадзіны наведвання з 10:00 да 19:00. З 15:00-17:00 ціхая гадзіна. А яшчэ Віктар гаворыць, што хацеў бы знайсці добрага рэабілітолага ці масажыста.

— Да мяне прыходзяць сябры, мы гаворым, прыкалваемся адно з адным. Гэта дзе вы такое бачылі: прыходзіш у хоспіс, каб добра парагатаць?

Сваім прыкладам Віктар Кулак сцвярджае: нават калі ў вас праблемы, вы можаце быць пазітыўным. І вельмі хоча, каб яго гісторыя натхніла іншых. Галоўнае, кажа ён, у складаныя часы напаўняць сябе дабром.

— Сябры, узбадзёрцеся: усе цяжкія выпрабаванні рана ці позна скончацца. Нават смерць — гэта не канец. Я веру, што мы зноў з вамі сустрэнемся, і я вас усіх абдыму і прыцісну да сэрца. Таму не сумуйце і рабіце дабро.
 
Фота са старонкі Віктара Кулака ў Фэйсбуку, фота на прэв'ю — pixabay.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: