«Веру, што ў нашага Урфіна Джуса скончыцца чароўны парашок». Як раённы начальнік застаўся без працы

Дзмітрый Ткачэнка 10 гадоў узначальваў хойніцкі ўчастак «Энергасбыту». Цяпер ён беспрацоўны; прычына — грамадзянская пазіцыя.

Дзмітрый Ткачэнка

Дзмітрый Ткачэнка


«Майго прадзеда рэпрэсавалі і расстралялі. Я застаўся без працы. Але веру, што неўзабаве ў нашага Урфіна Джуса скончыцца чароўны парашок для дубаломаў», — жартуе ён. Яго гісторыю распавядае Радыё Свабода.


Прадзеда расстралялі ў 1937-м, праўнука рэпрэсавалі ў 2020-м

«Хойнікі — бедныя? Гэта цяпер так стала. Уявіце, што пры паўстанні Тадэвуша Касцюшкі з гэтых мясцін Караль Прозар, тагачасны ўладальнік Хойнікаў, сабраў мільён злотых для паўстанцаў!» — нагадвае Дзмітрый.

Ён раскладае на стале паперы. Зправа — дакументы на расстралянага прадзеда. Злева — адміністрацыйныя пратаколы і пастановы суду на яго самога.

Прадзед Дзмітрыя незадоўга да арышту і расстрэлу набыў стадолу. «Я таксама нядаўна купіў стадолу, вось цяпер думаю...», — смяецца Дзмітрый. Ён па тых часах таксама мог трапіць у жорны рэпрэсій, бо мае трактар і іншую тэхніку, зямлю і жаданне працаваць на ёй эфектыўна.

7d1ac180_e5f6_4e3e_9a06_aa1e5cc9558a_w650_r0_s.jpg


Міхаіла Забурскага, прадзеда Дзмітрыя, першы раз арыштавалі ў 1932 годзе і асудзілі на тры гады зняволення. У 1937 годзе яго расстралялі на загад «тройкі» НКУС. Жыцця пазбавілі за тое, што «праводзіў антысавецкую агітацыю, распаўсюджваў сярод калгаснікаў плёткі пра тое, што ў Канстытуцыі сказана, што можна адкрываць цэрквы; распальваў варожасць паміж калгаснікамі-беларусамі і палякамі».


«Да выбараў мы верылі, што закон працуе, што нешта зменіцца»

Дзмітрый ўпэўнены, што да жніўня 2020-га ў грамадства быў пэўны сацыяльны кантракт.

«Ну разумелі людзі, што выбары не зусім сумленныя, што там падман. Але пры гэтым маўчалі. Бо не было такіх яскравых праяў гвалту, адкрытых садысцкіх выхадак, беларусы ж цярплівыя, патрываем яшчэ», — разважае былы начальнік.

Для яго спускавым механізмам, трыгерам стала гісторыя з байкерамі ў Мінску 11 жніўня, бо ён сам байкер.

І дагэтуль Дзьмітры не ўпэўнены, што такі здзек з байкераў чынілі супрацоўнікі ДАІ. «Ніхто за гэты гвалт не адказаў. Калі байкеры былі бандыты, дык пакажыце гэта! Я за справядлівасць», — кажа жыхар Хойнікаў.

Перад выбарамі ён свой голас аддаваў у падтрымку Лукашэнкі, Бабарыкі і Ціханоўскай.

«Яна не палітык, але трэба аддаць ёй належнае — не кожны пагодзіцца на такое. Гэта сімвал пратэсту. Яна звычайны чалавек, але павага ёй за тое, што яна зрабіла. Затрыманне Ціханоўскага, потым арышт Бабарыкі... Ён верыў у тое (і, мусіць, шчыра), што ў нас працуюць законы. І мы верылі — бо стаялі ў гэтых вялізных чэргах, каб паставіць подпіс. Верылі, што нешта зменіцца, што закон працуе. А далей самі бачыце — сумленнай гульні не было», — кажа Дзмітрый.

Чарга ахвотных падпісацца за кандыдата Святлану Ціханоўскую ў Гомелі, 28 траўня

Чарга ахвотных падпісацца за кандыдата Святлану Ціханоўскую ў Гомелі, 28 траўня


На адным з участкаў для галасавання ў Хойніках Ціханоўская афіцыйна набрала 54 галасы. «Але мы абышлі людзей і сабралі 130 подпісаў тых, хто галасаваў за яе на гэтым участку! Людзі раззлаваліся за такі падман і расчараваліся», — зазначае былы начальнік.


«Большасць чыноўнікаў — прыстойныя людзі. Але яны закладнікі абставінаў»

На хойніцкую «Плошчу» ў жніўні выйшлі каля 150 чалавек. Дзмітрый кажа, што для райцэнтра гэта вельмі шмат, бо тут ніхто ніколі палітыкай не цікавіўся.

«Я не скажу, што нашы чыноўнікі, начальнікі дрэнныя ці звяры. Не. Я ведаю шмат светлых, прыстойных людзей. Але яны — ахвяры і закладнікі абставінаў. Кожны з такіх чыноўнікаў, як я, сядзіць на сваім працоўным месцы і думае, што можа прыйсці да яго дзядзя, якому не спадабаецца, як ты ўсміхаешся, ці ты няправільна неяк адказаў яму — і ты заўтра не будзеш працаваць. У большасці чыноўнікаў няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Таму казаць, што яны там шалёна некага падтрымліваюць, не выпадае», — разважае былы начальнік.

Да пратэстоўцаў выходзілі размаўляць старшыня райвыканкаму, начальнік міліцыі і пракурор. Дзмітрыя цікавіла, хто плаціў за аўтобус для чыноўнікаў, якіх павезлі на мітынг у падтрымку Лукашэнкі ў Мінск. Адказу ён не атрымаў. Тады патэлефанаваў тым, хто ехаў у аўтобусе.

«Яны сказалі, што не ведаюць, хто плаціў за аўтобус. Я ім адказаў, што, калі я не ведаю, хто плаціў, і саджуся ў аўтамабіль — гэта прыкмета нізкай сацыяльнай адказнасці. Я больш чым упэўнены, што, каб ім давялося самім заплаціць за аўтобус, у Мінск, ніхто б не паехаў», — кажа Дзмітрый.

95b46d38_dd20_447c_aa22_d22b684eeb6c_w1597_n_r0_st.jpg


Ён асцярожна выказваецца пра былых калег-чыноўнікаў.

«Яны, можа, не маюць смеласці зрабіць нейкі крок ці ўчынак. Але хай не ўсе, але большасць усё выдатна разумеюць і думаюць так, як і я. Проста не могуць сабе дазволіць адкрыта сказаць пра сваю пазіцыю, як зрабіў гэта я. Бо зноў жа — праца, сям’я, крэдыты...», — зазначае былы начальнік.

За марш у Хойніках судзілі шэсць чалавек, у тым ліку і Дзмітрыя Ткачэнку. Трое атрымалі папярэджанне, астатнія — па дзве базавыя велічыні штрафу. Максімум быў — пяць базавых велічынь.

«У параўнанні з Гомелем і Мінскам, дзе людзям давалі па 15 сутак — гэта ні пра што. Па адным пратаколе мяне суддзя апраўдаў, па другім даў папярэджанне», — расказаў Дзмітрый.


«Зразумеў, што працаваць камфортна тут не дадуць»

Пасля судоў да Дзмітрыя Ткачэнкі прыехала кіраўніцтва і паведаміла пра цікавасць да яго персоны з боку КДБ і жаданне пазбавіць яго пасады. Яму прапанавалі сысці ціха і заняць месца інспектара.

«Начальнік наш — прагрэсіўны чалавек, неблагі менеджар, але кожны цяпер стаіць перад выбарам і сам вызначае, што можа зрабіць. Нямногія ўмеюць нешта рабіць у сваім жыцці. Шмат хто не гатовы выйсці з зоны камфорту, са свайго ўтульнага кабінета», — кажа Дзмітрый.

Пасля размовы з начальствам ён спазніўся на працу на 26 секунд. Гэта зафіксавалі і запатрабавалі пісаць тлумачальную.

«Я зразумеў, што працаваць тут камфортна мне не дадуць, што працы мне тут не будзе. Паказчыкі ў нас былі нармальныя, участак быў сярод найлепшых у вобласці. Разам са мной сышлі майстар і інспектар. Апошні — на знак салідарнасці са мной», — кажа Дзмітрый.

Паводле яго, цяжка страціць працу, і толькі дурань будзе такому радавацца.

 «Але кожны, хто выходзіць, павінен асэнсоўваць, што ён робіць. Працы няма, але жыццё на гэтым не скончылася. Я маю спецыяльнасць, зямлю, трактар і тэхніку. Паспрабую працаваць на зямлі ці адкрыць майстэрню. Не думаю, што мне надта будуць перашкаджаць», — зазначае былы начальнік.

Ён успамінае, як у дзяцінстве чытаў малодшаму брату казку пра Урфіна Джуса і ягоных драўляных салдатаў, дубаломаў.

«Ён пасыпаў сваіх драўляных салдат чароўным парашком — і яны за яго ваявалі. Потым чароўны парашок скончыўся... Веру, што неўзабаве ў нашага Урфіна Джуса скончыцца чароўны парашок. Тады яго дубаломы самі сабе ці адзін аднаму ногі адпілуюць. Нават калі не будзе пратэстаў, без “чароўнага парашку” тут праз 3-4 месяцы ўсё абваліцца», — верыць былы начальнік.