Жывой сведцы курапацкіх расстрэлаў — 90 гадоў

Сёння, 12 ліпеня, сваё 90-годдзе адзначае старажыл вёскі Цна-Ёдкава, што зараз уваходзіць у межы Мінску, Вольга Цімохаўна Бароўская-Мацкевіч — мабыць, адзіная на сёння жывая сведка расстрэлаў у Курапатах.

Вольга Бароўская — кадр з дакументальна-публіцыстычнай стужкі «Дарога на Курапаты» («Беларусьфільм», 1990. Рэжысёр Міхаіл Жданоўскі, аўтар сцэнару Алесь Лукашук, аператар Сяргей Пятроўскі).

Вольга Бароўская — кадр з дакументальна-публіцыстычнай стужкі «Дарога на Курапаты» («Беларусьфільм», 1990. Рэжысёр Міхаіл Жданоўскі, аўтар сцэнару Алесь Лукашук, аператар Сяргей Пятроўскі).

Яна пражыла вялікае, але шматпакутнае і складанае жыццё пад самымі Курапатамі, аднак усё вытрымала, падняла і выхавала 29 нашчадкаў —  дзяцей, унукаў, праўнукаў і прапраўнукаў.

Яе муж Зміцер Бароўскі (1918–1994) таксама з Цны. З-за таго, што да вайны па падробленай даведцы набыў у сталічным ГУМе баян, спадар Зміцер быў арыштаваны энкавэдыстамі, асуджаны і высланы на Салаўкі, але перад вайной вызваліўся і вярнуўся дахаты. Пасля забойства гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ 22 верасня 1943-га Зміцер Бароўскі як закладнік год правёў у катавальні гестапа. Пасля вызвалення Беларусі ўдзельнічаў у Другой сусветнай вайне. Аднак з-за таго, што выйшаў жывым з рук нацыстаў, 29 снежня 1949 года быў паўторна арыштаваны энкавэдыстамі і зноў асуджаны, на гэты раз на 10 гадоў лагераў у Калыме. З ГУЛАГу вызваліўся ў 1956 годзе.

barouskaja_90_2_1_logo.jpg

Вяселле Вольгі Мацкевіч са Змітром Бароўскім пасля ягонага вяртання з Другой сусветнай вайны. Вёска Цна, 1946.


Спадарыня Вольга добра захавала ў памяці і данесла да сучаснікаў шмат што з трагедыі ў Курапатах. Менавіта Вольга Бароўская расказала нам, што плот вышынёю больш за 2,5 метры быў узведзены напрыканцы 1937 года і атачаў усю тэрыторыю расстрэлаў, на захадзе цягнуўся ад варотаў ля Заслаўскай шашы ўздоўж самага краю лесу амаль да Баравой дарогі, што праз лес Брод звязвала Цну з Зялёным Лугам.

Падрабязна апісала канструкцыю варотаў, што стаялі ля самай гравійкі на Заслаўе. Былі яны вялікія — вышынёй у плот і звычайныя, з неабрэзаных і негабляваных дошак усутыч і ўнакладку, а таксама з жэрдак, збітых цвікамі. Гэтыя вельмі простыя (без стрэшкі і гзымсаў) і досыць доўгія непафарбаваныя шэрыя двухстворкавыя вароты адчыняліся звонку, зачыняліся знадворку на клямку, што накладалася на прабой, куды ўстаўляўся вісячы замок, а таксама знутры — на кручок ці штабу. Дзірку ўнізе паміж зямлёй і варотамі закладалі дошкай.

Распавяла, што, апроч адзіночных стрэлаў, на Бродзе былі чутныя і чэргі, бо часам трашчала так, нібы смажаны гарох на патэльні.

Але самае галоўнае, што захавала ў сваёй памяці Вольга Цімафееўна, гэта курапацкі расстрэл. Прычым яе сведчанні, можа, самыя цікавыя і дэталёвыя, што дайшлі да нас.

barouskaja_90_4_1_logo.jpg

Касьба ў Цне. 1950-я гады. У цэнтры (з барадой) сядзіць бацька Вольгі Бароўскай Цімох Мацкевіч. Ён вельмі перажываў трагедыю ў Курапатах. Бывала, казаў жонцы: устань, выйдзі, паслухай, як людзі плачуць і крычаць. Жонка выходзіла, за ёю дзеці, і ад таго, што чулі, самі плакалі.


Улетку 1938-га, 11-гадовай дзяўчынкай Вольга разам з іншымі вясковымі дзецьмі пайшла ў расстрэльны палігон па суніцы. Улезлі пад плот праз нейкую нару і пачалі збіраць. Аднак каля 16 гадзінаў пачулі гул машынаў, якія ўязджалі ў загарадку, і кінуліся бегчы. Паколькі Вольга аказалася апошняй перад нарою, дзяўчо не паспела ўцячы, кінулася на зямлю і схавалася пад густую ялінку, дзе і бачыла расстрэл:

«На маіх вачах у лес уехала «эмка», а за ёю калона «чорных вараноў» —  не менш чатырох. З машынаў выйшла шмат узброеных энкавэдыстаў у форме. Адны стаялі ля ямы з наганамі на «чаку», а іншыя выводзілі з «будак» мужчынаў і жанчынаў рознага ўзросту, развязвалі ім рукі, падводзілі да вялізнай ямы і стралялі з наганаў у патыліцу «шпок-шпок-шпок». Я ажно вочы ад жаху заплюшчыла, бо ніколі не думала, што людзей могуць забіваць. А яны ж, асабліва жанчыны, галасілі і прасіліся: «За што? Я ні ў чым не вінаваты!» Аднак іх моўчкі забівалі, пакуль ахвярамі не была запоўнена ўся яма».

Ад жаху дзяўчынка губляла прытомнасць, млела, яе трэсла. Урэшце выскачыла з-за плоту, заблукала ў жыце, нараўлася, не магла знайсці дарогу дахаты, нешта з ёю сталася, па начах усхоплівалася, крычала.  Колькі потым маці пацягала яе па розных бабках-знахарках, каб дзяўчынка ачуняла…

barouskaja_90_3_1_logo.jpg

Вольга Бароўская з сынамі Сяргеем (1947 г.н.) і Віктарам (1951 г.н.). Сям’я чакае бацьку, арыштаванага 29 снежня 1949-га і асуджанага на 10 гадоў ГУЛАГу. Вёска Цна, 6 чэрвеня 1952 г. 


Віншуем шаноўную Вольгу Цімохаўну з 90-годдзем, жадаем ёй добрага здароўя, а яе нашчадкам зычым, каб больш ніколі не паўтарылася трагедыя 1930–1940-х гадоў, калі дзяржава забівала самых лепшых — найбольш працавітых, таленавітых і адукаваных грамадзян — соль зямлі беларускай.