100-годдзе «Спартака»: гісторыя дэградацыі брэнда

Гомельскай фабрыцы «Спартак», якая ў нейкай ступені стала сімвалам гораду, спаўняецца 100 гадоў. Сённяшняе кіраўніцтва прадпрыемства справаздачыцца пра дасягненні і новыя лінейкі прадуктаў, але варта памятаць, што навейшая гісторыя фабрыкі – не такая роўная, як ім хочацца паказаць. 

Фота з buket-msk.ru

Фота з buket-msk.ru

Як «Спартак» быў «Прасветам»

Гісторыя гомельскай кандытарскай фабрыкі «Спартак», якая стала адным з сімвалаў горада, афіцыйна пачалася 4 чэрвеня 1924 года. Тады была створана кандытарская фабрыка «Прасвет» на базе кандытарскай майстэрні. У 1927 годзе фабрыцы было нададзенае імя 10-годдзя Кастрычніка. У 1927-1931 гадах фабрыка была пашырана і рэканструявана, і 8 лістапада 1931 года атрымала тую назву, якой карыстаецца па сёння. Тады гэта быў камбінат «Спартак».

Падчас Вялікай Айчыннай вайны абсталяванне было эвакуяавана ў Пензу на Пензенскую кандытарскую фабрыку. Камбінат быў адноўлены на ранейшым месцы ў 1944 годзе.

У кандытарскую фабрыку камбінат быў ператвораны ў 1971 годзе, у наступныя тры гады ўведзены ў дзеянне новы вытворчы корпус, цэхі: карамельны, рознічна-шакаладны, цукерачны. Сацыяльная сфера ўключала клуб, дзве бібліятэкі, пункт аховы здароўя, базы адпачынку, піянерлагер, яслі-сад.

Пасля распаду Савецкага саюза фабрыка была пераўтвораная ў акцыянернае таварыства — у 1994 годзе. А з 1998 года гэта было сумеснае беларуска-амерыканскае прадпрыемства.

Глядзіце таксама

Прыватызацыя «Спартака»

Як распавядаў былы гаспадар «Спартака» (і мінскай «Камунаркі») Марат Новікаў, гісторыя яго інвестыцый пачалася яшчэ ў 1993 годзе. «У 1993 годзе да мяне звярнуліся тагачасныя кіраўнікі “Спартака” з просьбай аб дапамозе (гэтыя людзі мяне ведалі яшчэ па працы ў мінскім гандлі). Першапачаткова я паставіўся скептычна да іх прапановы. У маёй кампаніі быў нядрэнны бізнес у Расіі. І ўсё ж мяне ўгаварылі з’ездзіць у Гомель, агледзецца, што называецца, на месцы», — распавядаў ён у 2019 годзе.

Паводле ягоных словаў, у той момант «на дзвярах шакаладнага цэха вісеў свірнавы замок». «Доўга шукалі ключы ад замка, нарэшце мы ўвайшлі ў памяшканне. Там выявілася амаль новая лінія па вытворчасці шакаладу. Стаяла і ржавела», — апісаў бізнесоўца, адзначыўшы, што ён змог тады «дапамагчы фінансава».

Калі на «Спартаку» ў 1994 годзе з’явілася адкрытае акцыянернае таварыства, гаспадарамі акцыяў сталі супрацоўнікі прадпрыемства. Пры гэтым прадаваць акцыі нельга было фактычна да 2011 года. Пасля пераразмеркавання частак атрымалася, што ў Новікава былі 54% акцыяў, а ў дзяржавы толькі 16,06%. Лукашэнку гэта не задаволіла.

Глядзіце таксама

Нацыяналізацыя

Прадпрыемствам зацікавілася дзяржава і асабіста Аляксандр Лукашэнка. На той момант прадпрыемства было фінансава паспяховым.

Па даных за 2011 год рэнтабельнасць «Спартака» склала 39,75%. У 2010-2011 гадах прадпрыемству ўдалося скараціць суму пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці на 39,6 працэнта ў параўнанні з 2008 годам. Выручка склала 513 294 млн рублёў, чысты прыбытак — 86 922 млн рублёў.

У тым 2011 годзе права на першасны выкуп акцыяў атрымалі выканкамы, і адразу знайшліся супрацоўнікі «Спартака», што раней прадалі акцыі інвестару, і яны «папрасілі іх абараніць».

У выніку Лукашэнка ў 2012 годзе абвясціў, што дзяржава забірае «Спартак» (і «Камунарку») назад, бо гэта стратэгічныя народныя прадпрыемствы. Дзяржава атрымала 60% фабрыкі, змяніла кіраўніцтва, «Спартак» узначаліў былы чыноўнік.

Гэтае рашэнне крытыкавалі эканамісты і эксперты: «Гэта крыж на надзеях інвестараў». Усе называлі такі крок «нацыяналізацыяй з парушэннем заканадаўства». Лукашэнка жа на прэс-канферэнцыі ў 2013 годзе распавядаў пра ратаванне прадпрыемства, пра тое, што былы ўладальнік прадпрыемства яму «какава-бабы прадае вышэй сусветнай цаны» і ўвязваў з Новікавым тое, што прадпрыемствы «здавалі пазіцыі».

Былы гаспадар «Камунаркі» і «Спартака» пасля нацыяналізацыі паляцеў у ЗША і адказваў крытыкай на крытыку. У 2013 ён казаў «Еўрарадыё» пра дзве тысячы тон нерэалізаванай прадукцыі, якія заставаліся на «Спартаку»: «Гэта па-за маім разуменнем як спецыяліста, які аддаў 20 гадоў кандытарцы».

У 2015 годзе бізнесоўца сцвярджаў, што сітуацыя на «Спартаку» пасля змены кіраўніцтва моцна пагоршылася: «Пакажыце мне хоць адзін прыклад, каб дзяржава забрала нейкае прадпрыемства і на ім стала лепш, чым было раней».

Глядзіце таксама

«Мы працавалі без выходных, і не хапала, каб усіх жадаючых прадукцыяй забяспечыць, а цяпер фабрыкі працуюць па 3-4 дні ў тыдзень і заробкі напалову зменшыліся. Казалі, што Новікаў ім перашкаджае працаваць на Амерыку і Расію. Цяпер кажуць, што інфляцыя ім перашкаджае. У нас была і інфляцыя, і што заўгодна, а нам дзён у тыдні не хапала! На Вялікдзень працавалі, уяўляеце!» — дадаваў прадпрымальнік.

Новікаў у 2019 годзе казаў, што магутнасці прадпрыемства дазваляюць выпускаць больш прадукцыі, чым атрымліваецца выпускаць цяпер. Прычынамі гэтага ён бачыў у тым, што «беларускі рынак прыціснуты іншымі вытворцамі», у асноўным кампаніямі з Расіі, якія плацяць камісійныя тавараведам.

У 2020 годзе ён казаў пра ўмовы работы на прадпрыемствах, якія стварыў: «Мы дзевяць гадоў на “Спартаку” кармілі бясплатнымі абедамі 2400 чалавек! Калі я ўлятаў, думаў: «Што ж вы робіце?»

Глядзіце таксама

Што цяпер? Стала лепей? Не

Па звестках Produkt.by, на 2019 год Новікаў быў гаспадаром 42% акцый «Спартака», але як ён сцвярджаў яшчэ ў 2015 годзе, даходу з гэтых акцыяў ён не атрымліваў («гэтым разам, падчас сходу акцыянераў, рашэнне аб пераводзе грошай замежнаму інвестару не было прынятае»).

На 2021 год, як пісала «Люстэрка», доля дзяржавы ў «Спартаку» была 66,29%. Фабрыка не паведамляла пра актуальныя аб’ёмы вытворчасці, але як вынікае з даных фінансавай справаздачнасці, аб’ёмы прыбытку штогод падаюць.

У 2012 годзе «Спартак» меў 15 млн чыстага прыбытку ў доларавым эквіваленце. У 2019 годзе – 2,4 млн долараў. У 2020-м — 2,3 млн долараў.

Фабрыка ў апошнія гады не выплачвала дывідэндаў сваім акцыянерам.

Гісторыя нацыяналізацыі «Спартака» як ганебная старонка непавагі да прыватнай маёмасці раз за разам трапляе ў агляды падобных сітуацый у Беларусі. І лічбы паказваюць, што яна таксама з’яўляецца і помнікам эканамічнай неахайнасці рэжыму, яго непаспяховым і неразумным рашэнням.

І нават у дні 100-годдзя, праходзячы ўздоўж плота прадпрыемства не варта на гэта забывацца.

Паводле «Штодзень»