28 снежня ў крамах Мінскай вобласці пройдзе адзіны дзень зніжак

Адзіны дзень зніжак плануецца правесці ў Мінскай вобласці напярэдадні Новага года. Мяркуецца, што акцыі па зніжэнні коштаў пройдуць у буйных крамах цэнтральнага рэгіёну 28 снежня.



sale.jpg

Як растлумачылі карэспандэнту БелТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Мінаблвыканкама, у гэты дзень у пакупнікоў будзе магчымасць набыць нехарчовыя тавары са зніжкай да 15%. Канкрэтны памер зніжкі на той ці іншы тавар гандлёвыя арганізацыі сталічнага рэгіёну агучаць пазней.

Удзел у адзіным дне скідак прымуць крамы ва ўсіх раённых цэнтрах. “Падобныя акцыі па зніжэнні коштаў праводзяцца ў рэгіёне кожны месяц, і яны запатрабаваныя ў жыхароў рэгіёну”, — адзначылі ва ўпраўленні гандлю і паслуг Мінаблвыканкама.

У гандлёвых аб'ектах напярэдадні калядных і навагодніх святаў таксама праводзяцца майстар-класы і дэгустацыі. У святочныя дні запланаваны маштабныя выставы-продажы кулінарных і кандытарскіх вырабаў.