Аўтамабільнае паліва сёння падаражэла — у 15-ты раз з пачатку года
«Белнафтахім» абвясціў аб падаражэнні аўтамабільнага паліва на 1 капейку 2 чэрвеня. Гэта ўжо 15-е сёлетняе падаражанне.
«З улікам маніторынгу сітуацыі на рынку нафты і сумежных рынках нафтапрадуктаў, а таксама эканамічнага стану НПЗ, канцэрнам прынятае рашэнне аб працягу цэнавай стратэгіі, якая прадугледжвае штотыднёвую змену цэн на 1 капейку», — цытуе паведамленне «Газета Слонімская».
З 2 чэрвеня кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,85 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,95 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 2,17 рубля, ДТ — 1,95 рубля.
Як тлумачыць канцэрн, у траўні «працягваўся ўзыходны трэнд сусветных каціровак нафты да 68,7 долара ЗША за 1 барэль». З пачатку года з улікам знешніх фактараў кошт нафты для беларускіх НПЗ павялічыўся на 25,4% (да ўзроўню студзеня 2021 года), цэны на маторнае паліва — на 7,6%.