Беларускі ВУП расце на склад

Не паспеў беларускі ўрад з гонарам адсправаздачыцца пра тое, што ў першым паўгоддзі рост ВУП атрымаўся ў раёне 2%, як іншая статыстыка крыху азмрочыла гэтую радасць. Праўда, непрыемныя лічбы ў нас імкнуцца проста не заўважаць.

Фота з pokayadoma.ru

Фота з pokayadoma.ru

Паводле звестак Белстата, запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый прамысловасці на 1 ліпеня 2023 года ацэньваюцца ў 8,7 млрд рублёў. Летась аналагічны паказчык складаў 7,9 млрд рублёў. Гэта значыць, што ў вартасным выражэнні прырост запасаў склаў 11%, падлічыў тэлеграм-канал «Нашы Грошы».

Пры гэтым суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці па выніках студзеня-чэрвеня 2023 года склаліся на ўзроўні 72,9%. Значыць, прамысловасць мае трохтыднёвы запас прадукцыі на складзе пры бягучым аб'ёме вытворчасці. У канцы чэрвеня мінулага года сітуацыя была крыху лепшай, тады паказчык складаў 71,7%.

Сітуацыя з запасамі на прамысловых складах па рэгіёнах істотна адрозніваецца. У Брэсцкай вобласці на 1 ліпеня 2023 года складскія запасы перавышалі месячны аб'ём вытворчасці на 109,7%, а ў Гомельскай іх было толькі на траціну ад месячнага аб'ёму вытворчасці (35,0%).

Акрамя таго, месячны аб'ём па-ранейшаму ляжыць на складах Гродзенскай вобласці і ў сталіцы.

Разам з тым, ацэньваючы гэтыя паказчыкі, важна разумець іх абагульненасць. Гэта даныя ў цэлым па прамысловай сферы, а значыць, умоўных коўдраў на складах можа ляжаць і на тры месяцы працы вытворчасці наперад, у той час як прадукты харчавання не залежваюцца.

Аднак любы запас — гэта застылыя грошы, якія яшчэ трэба атрымаць, рэалізаваўшы тавар. Тут больш важная дынаміка паказчыка: яна кажа пра тое, што цяпер запасы вышэйшыя за леташнія ў большасці абласцей, а значыць, з продажамі па-ранейшаму адчуваюцца складанасці.

Адзначым, што суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці па выніках студзеня-красавіка 2023 года былі на ўзроўні 76,9%. А значыць, за другі квартал года сітуацыя з продажамі амаль не змянілася.


Глядзіце таксама