Беларусы ўжо запісваюцца на новы від пенсій ад дзяржавы. Колькі такіх?

З кастрычніка 2022 года ў Беларусі дзейнічае механізм добраахвотнай назапашвальнай пенсіі. За кароткі тэрмін ужо з'явіліся тыя, хто паверыў у новыя пернікі, што прапаноўвае самая сацыяльная з усіх дзяржаў у свеце.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Па словах міністаркі працы і сацабароны Ірыны Касцевіч, дамовы добраахвотнага пенсійнага страхавання падпісалі каля 11 тысяч грамадзян. На колькі яно атрымліваецца добраахвотна — пакуль невядома.
У асноўным усе выбіраюць схему «тры плюс тры», — распавяла Касцевіч.
Размова ідзе аб схеме, пры якой супрацоўнік плаціць дадатковы ўзнос на пенсію ў памеры 3% ад зарплаты, тады працадаўца павінен даплаціць столькі ж (за кошт узносу ў ФСАН). Супрацоўнік можа ўносіць да 10%, але наймальнік — не больш за 3%.
— У лідарах жанчыны, сярод рэгіёнаў — сам горад Мінск і Мінская вобласць, — паведаміла Касцевіч.


Яна дадала, што большасць выбіраюць перыяд выплат сродкаў на працягу пяці гадоў пасля выхаду на пенсію, варыянт з выплатамі на працягу 10 гадоў не асабліва запатрабаваны. Па словах міністаркі, людзі зацікаўлены ў назапашвальным пенсійным страхаванні.
Што тычыцца звычайных пенсій, Ірына Касцевіч паведаміла, што на снежань 2022 года сярэдняя пенсія па ўзросце склала 670 рублёў, што на 23% больш, чым годам раней, а калі адабраць інфляцыю — тады на 9%. У 2023 годзе праіндэксаваць пенсіі збіраюцца тры разы. Якой будзе інфляцыя — не бяруцца прадказваць.