Бізнесоўцу Вараб’ю не ўдалося адваяваць свой актыў ва Украіне

Магістральны нафтапрадуктаправод «Самара — Заходні кірунак» застаецца пад арыштам. Апеляцыйная палата вышэйшага антыкарупцыйнага суда Украіны адмовіла кампаніі-ўладальніку ў апеляцыі на рашэнне аб арышце.

«Спрэчны» нафтапрадуктаправод «Самара — Заходні кірунак»​

«Спрэчны» нафтапрадуктаправод «Самара — Заходні кірунак»​


Нафтапрадуктаправод будзе перададзены на захоўванне «Укртранснафце», паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на ўкраінскі рэсурс «Левы бераг».

Арышт на нафтапрадуктаправод быў накладзены таму, што ў Кіеве вырашылі разабрацца, як гэты актыў аказаўся ў прыватных руках «двух уладальнікаў з замежнай рэгістрацыяй, але афіляваных з двума грамадзянамі Украіны». Часткай нафтапрадуктаправода валодае кампанія «Прыкарпатзахадтранс». А кантрольны пакет акцый гэтай кампаніі належыць набліжанаму да Аляксандра Лукашэнкі беларускаму бізнесоўцу Мікалаю Вараб'ю. Хоць ва Украіне кампанію звязваюць перш за ўсё з імем палітыка, якога яшчэ называюць «кумам Пуціна», — Віктара Медведчука.

Паведамляецца таксама, што Медвядчук мае намер абскардзіць арышт нафтапрадуктаправода ў Вярхоўным судзе Украіны.