Беларусь і Украіна ўзгаднілі алгарытм дзеянняў, каб зняць абмежаванні ў гандлі
28 снежня ў Мінску адбылося другое пасяджэнне беларуска-ўкраінскай рабочай групы высокага ўзроўню па пытаннях узаемнага гандлю.
Фота: belapan.by
Беларускую частку рабочай групы ўзначаліў першы намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Міхневіч, украінскую — намеснік міністра эканамічнага развіцця і гандлю — Гандлёвы прадстаўнік Украіны Наталля Мікольская.
"У ходзе нарады бакі ўзгаднілі алгарытм далейшых сумесных дзеянняў па зняцці абмежавальных мер ва ўзаемным гандлі, уключаючы рашэнне ўкраінскага боку аб увядзенні з 20 студзеня 2016 года спецыяльнай пошліны ў памеры 39,2% на некаторыя беларускія тавары, якія экспартуюцца ва Украіну", — гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Мікольская таксама праінфармавала беларускі бок аб тым, што 26 снежня прэзідэнтам Украіны падпісаны закон "Аб мерах па стымуляванні знешнеэканамічнай дзейнасці", якім з 1 студзеня 2016 года адмяняецца дадатковы імпартны збор, што прымяняўся ў тым ліку адносна беларускай прадукцыі.
Адзначаецца, што адмена дадатковага імпартнага збору дазволіць зняць дзейныя тарыфныя бар'еры па доступе беларускай прадукцыі на ўкраінскі рынак і створыць перадумовы для павелічэння аб'ёмаў экспарту айчынных тавараў ва Украіну.
У канцы лістапада Украіна паведаміла аб рашэнні ўвесці 20 студзеня 2016 года пошліну ў 39,2% на імпарт некаторых беларускіх тавараў. Гаворка ідзе аб пастаўках малака і малочных прадуктаў, сыроў, рыбнай прадукцыі, кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў, шакаладу, піва, гарэлкі, солі, касметыкі, шампуняў, запалак, кухоннай мэблі, шын, трактароў і некаторых іншых тавараў. Гэтае рашэнне прынята ў адказ на "дыскрымінацыйныя і недружалюбныя дзеянні" Беларусі адносна ўкраінскіх прадпрыемстваў кандытарскай і піваварнай галін.
Мелася на ўвазе, што гаворка ідзе аб пастанове Савета міністраў Беларусі № 666 "Аб увядзенні дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы на ўвазныя тавары" ад 6 жніўня 2015 года.
На брыфінгу ў Мінску 26 лістапада прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык заявіў, што "нармальны працэс выпрацоўкі ўзаемапрымальных і ўзаемавыгадных умоў гандлю паміж краінамі скандалізуецца,
пераводзіцца ў плоскасць непрафесійнай публічнай палемікі". Ён адзначыў, што "няма ніякай дыскрымінацыі ў санітарна-гігіенічнай экспертызе ўкраінскай прадукцыі — гэта норма
распаўсюджваецца на вытворцаў з усіх краін, якія не ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз".
Аляксей Арэшка, БелаПАН