Украіна. Фермеры перакрылі шляхі на Кіеў
Украінскія фермеры перакрылі трасы на Кіеў па ўсёй краіне. Такім чынам аграрыі выказваюць пратэст супраць зменаў да новага падатковага закону.
Фота fapnews.ru
Прычынай такіх радыкальных дзеянняў стаў новы закон “Пра змены ў Падатковы кодэкс Украіны і іншыя заканадаўчыя акты Украіны, якія тычацца забеспячэння збалансаванасці бюджэту ў 2016 годзе”.
На думку ўкраінскіх аграрыяў, новы закон проста збанкрутуе большасць фермерскіх гаспадарак.
Пратэсты ініцыявала Усеўкраінская аграрная Рада. Колькі дзён таму яе актывісты выставілі каля будынку Вярхоўнай Рады тушу свінні. Парламентарыі ніяк не адрэагавалі на гэты перфоманс, што і змусіла фермераў перайсці да больш радыкальных дзеяў.
Пакуль перакрытыя стратэгічныя трасы Харкаў—Сімферопаль, Кіеў—Адэса і некаторыя другарадныя. На Чарнігаўшчыне, суседняй з Беларуссю, перакрытая кіеўская траса ў раёне Копцяў.
Пратэсты імкліва пашыраюцца па ўсёй Украіне. Аграрыя заяўляюць, што акцыя пратэсту будзе доўжыцца, пакуль змены да Падатковага кодэксу не будуць скасаваныя.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя