Выстава, прысвечаная добраахвотнікам-іншаземцам
У Нацыянальным музеі гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне праходзіць выстава «Батальёны нязломных», прысвечаная дзейнасці добраахвотнікаў-іншаземцаў, якія змагаюцца ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі.

У найноўшай гісторыі Украіны гэта першая выстава, прысвечаная дзейнасці добраахвотнікаў-іншазмцаў падчас Антытэрарыстычнай аперацыі. Большая частка выставы тычыцца байцоў Міжнароднага батальёна імя Джахара Дудаева і чачэнскага батальёна імя Шэйха Мансура.
Менавіта ўкраінскія чачэнцы і выступілі ініцыятарамі імпрэзы. Але ж на выставе знайшлося месца і нашым землякам.
У экспазіцыі прадстаўленыя асабістыя рэчы байцоў Тактычнай групы «Беларусь», якая структурна ўваходзіць у Добраахвотны ўкраінскі корпус «Правы сектар», а таксама бел-чырвона-белы сцяг, які Алесь Чаркашын уздымаў у Песках.