Беларусь недаатрымала $10 млрд у выніку падзення экспарту

Беларусь недаатрымала амаль 10 млрд. долараў ЗША ў выніку зніжэння экспарту шэрагу тавараў, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі. 



dziravy_miaszok.jpg

Пералік беларускіх тавараў, па якіх адбылося найбольш істотнае зніжэнне коштавага аб'ёму экспарту, сведчыць пра тое, што па 30 таварных пазіцыях пастаўкі на знешнія рынкі ў студзені—кастрычніку знізіліся на 9 млрд. 709 млн. долараў.
Значнае зніжэнне паказчыка абумоўлена скарачэннем паставак многіх тавараў, якія летась адыгралі вызначальную ролю ў працэсе фарміравання нацыянальнага экспарту.
Так, экспарт нафтапрадуктаў скараціўся ў студзені—кастрычніку на 3,89 млрд. долараў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, растваральнікаў — амаль на 2,8 млрд. долараў, матэрыялаў змазачных — прыкладна на 1 млрд. долараў, калійных угнаенняў — на 543,4 млн. долараў, грузавых аўтамабіляў — на 377 млн. долараў, трактароў і седлавых цягачоў — на 301,1 млн. долараў.
Таксама зменшыўся ў грашовым выражэнні і экспарт беларускай металапрадукцыі, шын, свініны, нафты, некаторых іншых тавараў. У прыватнасці, беларускі экспарт паўфабрыкатаў і пруткоў з нелегіраванай сталі скараціўся на 217,9 млн. долараў, свініны — на 77,4 млн., шын — на 72,1 млн., нафты — на 47,1 млн. долараў.
Значны рост беларускага экспарту (на суму звыш 100 млн. долараў) у студзені—кастрычніку зафіксаваны толькі па адной таварнай пазіцыі — малаку і вяршках.
Зніжэнне беларускага экспарту сёлета прывяло да адмоўнага сальда ў знешнім гандлі. У студзені—кастрычніку (па метадалогіі плацежнага балансу) адмоўная велічыня склала 712,1 млн. долараў (за аналагічны перыяд 2012 года было зафіксавана станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў памеры 3,7 млрд. долараў).
Згодна з ацэнкамі Мінэканомікі, адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі (па метадалогіі плацежнага балансу) сёлета можа скласці 2 млрд. 165,6 млн. долараў.
Як паведамлялася, зніжэнне беларускага экспарту сёлета ў параўнанні з мінулым годам абумовілі шэраг фактараў.
У прыватнасці, адмоўны ўплыў на стан знешняга гандлю аказала практычна поўнае спыненне экспарту растваральнікаў і змазачных матэрыялаў. На гэты крок кіраўніцтва краіны пайшло па патрабаванні Расіі, якая стала падазраваць, што Беларусь пад выглядам растваральнікаў і змазачных матэрыялаў пастаўляе на знешнія рынкі нафтапрадукты, што дазваляла рэспубліцы не пералічваць пошліны ў расійскі бюджэт.
Апрача таго, зніжэнне экспарту сёлета абумоўлена скарачэннем знешняга попыту на прадукцыю беларускага машынабудавання і зніжэннем цэн на калійныя ўгнаенні. Рашэнне расійскага «Уралкалія» аб спыненні продажу праз Беларускую калійную кампанію прывяло да рэзкага зніжэння цэн на мінеральныя ўгнаенні на сусветных рынках.
belapan.by