Цягнік у вагні: куды рушыць беларуская эканоміка?

Сённяшняя палітычная сітуацыя наклала свой адбітак не толькі на недзяржаўныя медыя і грамадскую цікаўнасць. Не ў меншай ступені яна змяніла і інфармацыйны фон афіцыйных сродкаў інфармацыі і прапаганды. Напрыклад, у краіне ўжо не першы тыдзень ідзе пасяўная, але пра яе асабліва не чуваць.

czyhunka__ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo__1_.jpg


Пасяўная ў Беларусі заўсёды была «пыласмокам грошай». На яе выдаткоўвалася багата рэсурсаў. Гэтым разам улады толькі на студзень-травень заклалі на АПК 2 мільярды 275,5 мільёна рублёў. Апроч гэтага арганізацыі аграпрамысловага комплексу ў 2021 годзе атрымаюць без малога 450 мільёнаў рублёў для фінансавання закупкі паліва, мінеральных угнаенняў і сельгастэхнікі. Гэтыя сродкі перадаюцца з рэшткаў рэспубліканскага бюджэту, якія ўтварыліся на 1 студзеня, у выглядзе міжбюджэтных трансфертаў у кансалідаваныя бюджэты абласцей. Але варта адзначыць, што амаль 150 мільёнаў рублёў з «пазабюджэтнага фінансавання» будуць накіраваныя на пагашэнне бюджэтных крэдытаў, выдадзеных летась.
Такім чынам, на пасяўную ў нас сышоў амаль мільярд (!) долараў. А потым нам належыць сабраць тое, што мы пасадзім цяпер. Пры гэтым аддачы ад сельгасвытворчасці мы неяк не адчуваем.
Пазыковая пятля з новай сілай зацягваецца на шыі аграрыяў. 2021 год стартаваў з сумных максімумаў. Да 1 лютага буйныя і сярэднія прадпрыемствы сельскай гаспадаркі назапасілі сумарныя даўгі ў памеры 15,089 мільярда рублёў. Гэта значэнне стала новым рэкордам па памеры абавязацельстваў аграрыяў. Ранейшы рэкорд быў усталяваны 1 верасня 2020 года. Нягледзячы на дзяржпадтрымку ў выглядзе спісання або спрашчэння ўмоў па крэдытах і пазыках, сумарныя даўгі сельскай гаспадаркі раслі ўсю мінулую пяцігодку. У 2016 годзе сукупныя абавязацельствы аграрыяў павялічыліся на 4,7%, у 2017-м — на 3,3%, у 2018-м — на 6,8%, у 2019-м — на 9,2%, у 2020-м — на 5,4%.
У 2021 годзе рост запазычанасці працягнуўся: усяго за месяц сумарныя абавязацельствы вяскоўцаў выраслі на 1,2%.
Такая сітуацыя з абавязкамі моцна ўскладняе разлікі аграрыяў з астатнімі галінамі эканомікі і паміж сабой.

Прамысловасць таксама ў мінусе

Не лепшая сітуацыя і ў прамысловасці. У апошнія гады, канешне, улады палягчаюць даўгавы цяжар казённых фабрык і заводаў рэгулярнымі «ўліваннямі» з бюджэтных і пазабюджэтных фондаў. Але абавязацельствы галоўных прадпрыемстваў краіны ўсё роўна застаюцца гіганцкімі.
Сумарныя даўгі буйных і сярэдніх кампаній Беларусі да 1 сакавіка дасягнулі 155,9 млрд. рублёў. Для параўнання: ВУП Беларусі за ўвесь 2020 год склаў 147 млрд. рублёў, а ВУП за 2021-ы, паводле прагнозу Мінэканомікі, чакаецца на ўзроўні 158,5 млрд. рублёў. Гэта проста гіганцкая лічба.
Самы вялікі даўгавы цяжар у грашовым выражэнні лёг на флагманаў Мінска — 42,7 млрд. рублёў. Сярод абласцей па памеры абавязацельстваў лідзіравала Мінская вобласць — 26,3 млрд. рублёў.
У астатніх абласцях запазычанасці размеркаваліся наступным чынам: Брэсцкая — 9,7 млрд. рублёў, Віцебская — 14 млрд. рублёў, Гомельская — 24,2 млрд. рублёў, Гродзенская — 25,6 млрд. рублёў, Магілёўская — 13,4 млрд. рублёў.
Цікава, што апошняе месца Брэстчыны па аб’ёме даўгоў адмыслоўцы тлумачыць меншымі маштабамі «комплекснай мадэрнізацыі» ў гэтым рэгіёне. Па факце гэта азначае, што ўсе мадэрнізацыйныя праекты ўлады не далі вялікага плёну і не прынеслі мадэрнізаваным прадпрыемствам нічога, апроч закрэдытаванасці.
Унутры прамысловасці былі відавочныя лідары па сумарных абавязацельствах: энергетыка — 19,7 млрд. рублёў, харчпрам — 11,5 млрд. рублёў, дрэваапрацоўка і «цэлюлознікі» — 10,6 млрд. рублёў. Памер доўгу ў энергетыцы ў 2021-м вырас у 3,2 разы, але больш чым утрая скараціліся даўгі ў будаўніцтве — да 6,4 млрд. рублёў. І гэта вельмі цікавы момант, таму што даўгі перацяклі з галіны ў галіну дзякуючы змене асноўнага віду дзейнасці некаторых буйных кампаній.
Напрыклад, пабудавалі мы Беларускую АЭС у Астраўцы. І калі раней яна ўлічвалася як «будаўніцтва», то цяпер яна ўлічваецца як «энергетыка». З гэтым і звязана скарачэнне абавязацельстваў у будаўнічай галіне, а рост — у энергетычнай. Але самі пазыкі ад гэтага нікуды не падзеліся.
У структуры сумарных даўгоў заўсёды ёсць «пратэрміноўка». Гэта даўгі, якія кампаніі не могуць вярнуць ва ўсталяваныя тэрміны. Да 1 сакавіка сумарная пратэрміноўка флагманаў Беларусі склала 10,780 млрд. рублёў, і з пачатку 2021 года яна паднялася на 5,7%.

Ці зможа ўлада ўтрымаць беларускі рубель?

Зразумела, што з такімі лічбамі эканоміцы прыходзіцца вельмі кепска. Раней ратавалі два фактары. Першы — гэта назапашаная за мінулыя гады «падушка бяспекі» ў выглядзе прафіцытнага бюджэту. І другое — тое, што беларускія ўлады заўсёды фінансава падтрымлівала Расія. Пры гэтым даўгі нашай «саюзніцы» ўлады, у асноўным, не аддавалі, а рэфінансавалі. То-бок, бралі новыя пазыкі, каб пагасіць старыя — прынцып, на якім пабудаваная любая «фінансавая піраміда».
Напрыклад, у чэрвені 2020-га ўлады змаглі прадаць еўрабонды на агульную суму 1,25 мільярда USD. Праўда, ужо ў жніўні супастаўныя грошы Нацбанк выдаткаваў на падтрымку «зайчыка». Затым восенню праз Расію ўдалося праціснуць пастанову аб выдзяленні 500 мільёнаў долараў Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця. А пад самы Новы год у краіну паступіў першы транш дзяржкрэдыту ад урада Расіі.
У 2021 годзе Мінфін можа толькі марыць пра такія вялікія сумы. У канцы лютага міністр фінансаў Селіверстаў паведаміў, што планы па выпуску новых еўрабондаў пакуль не актуальныя, на новыя расійскія крэдыты разлічваць, напэўна, не выпадае. Таму ў планах урада — выйсці на Маскоўскую біржу. Аднак аб’ёмы там, па традыцыі, вельмі невялікія — высокая верагоднасць, што ў Мінску не замахнуцца і на 300 мільёнаў USD у эквіваленце, але гэта хоць нешта. І, магчыма, прыцягнуць нейкія кітайскія незвязаныя крэдыты, якія Кітай выдае вельмі неахвотна.
Што да ўласна золатавалютных рэзерваў Беларусі, то яны да 1 красавіка ўпалі да 6,940 мільярда долараў. У Нацбанку кажуць, што да канца года рэзервовыя актывы застануцца вышэй за 6 мільярдаў долараў. Але гэта ж фармальна значыць і тое, што НБРБ дапускае далейшае зніжэнне рэзерваў.
Акрамя ЗВР у вызначэнні МВФ ва ўладаў ёсць невялікі рэзерв за межамі афіцыйнай скарбонкі. На 1 красавіка памер гэтага рэзерву склаў 134,9 мільёна USD у эквіваленце. Пры гэтым на 1 студзеня запас быў значна вышэйшы — 590,6 мільёна USD. Грошы часткова перацяклі ў склад ЗВР, часткова былі выдаткаваныя ўладамі.
Каб ацаніць запас трываласці Нацбанка і Мінфіна, можна паглядзець на запланаваныя выдаткі рэзерваў. Да 1 красавіка будучыя выдаткі па пагашэнні доўгу да месяца склалі 0,5 млрд долараў, да 3 месяцаў — 0,9 млрд долараў, да 1 года — 3,3 млрд долараў. Адпаведна, прыкладна на такія сумы могуць скараціцца ЗВР Беларусі, калі ўлады зусім не знойдуць грошай на рэфінансаванне валютных абавязанняў.
Калі чыноўнікі не будуць марнаваць золата і будуць выдаткоўваць толькі валютную частку рэзерваў, то праз 12 месяцаў ад яе застануцца рожкі ды ножкі — 0,3-0,4 млрд долараў. Таму для ўладаў важна знайсці грошы, дзе заўгодна. Аднак пытанне — хто ж нам дасць новыя крэдыты ва ўмовах, калі краіна абкладзеная санкцыямі?

Плюс санкцыі

Мажліва, мы б маглі палепшыць стан эканомікі за кошт заробленых грошай. Найбольшыя сродкі ў беларускую казну прыносілі нафтаперапрацоўка і калійныя ўгнаенні. Аднак ад 19 красавіка Міністэрства фінансаў ЗША аднавіла санкцыі супраць дзевяці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Санкцыі адноўленыя ў дачыненні да наступных кампаній: «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белнафтахім» і яго амерыканскі філіял, «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан» і «Полацк Шкловалакно». Пры гэтым дзейнічае так званы «ахоўны перыяд» на працягу 45 дзён — каб за гэты час усе партнёры гэтых прадпрыемстваў паспелі закрыць з імі здзелкі.
Эксперты не выключаюць, што наступным крокам Амерыка ўвядзе санкцыі ў дачыненні да «Беларуськалію». Справа ў тым, што да 2014 года «Беларуськалій» быў прадпрыемствам нафтахімічнага комплексу, на які распаўсюджваюцца санкцыі ЗША, але ў тым годзе быў выведзены са складу канцэрну «Белнафтахім», і пад сённяшнія санкцыі не трапіў. Але, імаверна, — не трапіў толькі «пакуль».
Санкцыі напоўніцу дзейнічаць яшчэ не пачалі, аднак беларускія ўлады іх ужо адчулі. Агенцтва «Reuters» паведаміла, што расійскія экспарцёры нафты могуць прыпыніць пастаўкі на беларускі НПЗ «Нафтан» пасля таго, як Злучаныя Штаты ўзмацнілі санкцыі ў дачыненні да Беларусі за парушэнні правоў чалавека. Прынамсі, «Раснафта» і «Сургутнафтагаз» паведамілі, што не плануюць пастаўляць нафту «Нафтану» ў траўні. Расіяне пакуль кансультуюцца з адвакатамі і вырашаюць, ці патрапяць яны пад «другасныя» санкцыі ЗША, калі звяжуцца з беларускімі перапрацоўшчыкамі.
І яшчэ не вызначана, як адаб’юцца санкцыі на набыцці прадуктаў беларускай нафтаперапрацоўкі.
Такім чынам, эканамічная сітуацыя ў краіне нярадасная. Асноўныя крыніцы грошай амаль перакрытыя — спыненнем інвестыцый і санкцыямі. Новых крэдытаў чакаць няма адкуль. А беларуская прамысловасць і сельская гаспадарка загразлі ў пазыковай багне.
Для таго, каб выратаваць прадпрыемствы, патрэбныя тры рэчы: грошы, грошы і яшчэ раз грошы. Аднак іх узяць няма адкуль — прынамсі, да таго, як не будзе развязаны палітычны крызіс у краіне. А пакуль ён не развязаны, інвестары і крэдытадаўцы ў краіну заходзіць і не збіраюцца.