Чыноўнікі на чале з Качанавай сцвярджаюць, што прыдумалі альтэрнатыву забароне на павышэнне цэн

Чыноўнікі падрыхтавалі чарнавы варыянт праекта пастановы ўрада, якая тычыцца недапушчэння росту коштаў. Гэта вынікае з паведамлення ў тэлеграм-канале Савета Рэспублікі.

tomaty_magazin_foto.jpg

Як нагадвае «Л*стэрка», у Беларусі з 6 кастрычніка праз разагнаную інфляцыю ўвялі забарону на павышэнне коштаў. Як чакаецца, яна будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль урад не прыдумае альтэрнатыўны варыянт, як утрымаць ашалелыя цэны.

Праект пастановы ўрада па недапушчэнні росту коштаў абмеркавалі сёння, 11 кастрычніка, на чарговым пасяджэнні спецыяльнай рабочай групы. Нагадаем, па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі ў рабочую групу ўключылі прадстаўнікоў КДК, прафсаюзаў, Белстата, дэпутатаў і сенатараў.

Кіраўнік групы — Наталля Качанава.

Гэта рабочая група да 20 кастрычніка мусіць унесці ва ўрад законапраект, які павінен прапанаваць альтэрнатыву забароне на павышэнне коштаў.

Качанава раскрыла некаторыя дэталі законапраекта па рэгуляванні цэн (прынамсі, паспрабавала гэта зрабіць):

— Мы павінны даць паўнамоцтвы мясцовым органам улады, гэта значыць, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму сумесна з міністрамі пры неабходнасці павысіць цану на той ці іншы тавар, але абгрунтаваўшы гэта павышэнне, — удакладніла Качанава. — Мы разумеем выдатна, што такія рашэнні адназначна павінны быць накіраваны на ўзгадненне ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, каб яно каардынавала гэтую працу.

Але нюанс у тым, што цяпер, калі дзейнічае забарона на павышэнне коштаў, таксама ёсць магчымасць іх падняць, у тым ліку па рашэнні мясцовых улад. Што новае прапануе рабочая група, Качанава не ўдакладніла.

Пры гэтым, як паведамляецца, праект пастановы «знаходзіцца на высокай ступені гатоўнасці». «Паводле ацэнак членаў рабочай групы, унесеныя прапановы павінны быць эфектыўнымі і даваць адпаведны вынік», — паведамляецца ў тэлеграм-канале Савета Рэспублікі.

Нагадаем, 6 кастрычніка ў Беларусі ўвялі забарону на павышэнне любых коштаў у краіне. Зрабіць гэта можна толькі ў выключных выпадках. Забарона, як меркавалася, будзе дзейнічаць да асаблівага распараджэння ўрада. Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка падпісаў спецыяльную дырэктыву, паводле якой забараняюць падымаць цэны.

Чыноўнікі стварылі спецыяльную рабочую групу, якая за 10 дзён павінна падрыхтаваць альтэрнатыўны варыянт па рэгуляванні цэн і накіраваць яго ва ўрад.

Саўмін павінен да 20 кастрычніка вызначыць і ўвесці сістэму рэгулявання цэн. Дэталяў таго, як яна можа выглядаць, чыноўнікі не раскрываюць.

Каментарый «НЧ». Спачатку Лукашэнка катэгарычна забараніў павышаць цэны, потым наверсе зразумелі, што зрабілі глупства і пачалі шукаць выйсце з сітуацыі. Шукаюць дагэтуль. Між тым супраць тых гандляроў, якія на глупства не павяліся, а працягнулі працаваць паводле законаў эканомікі (і пакрыху падвышаць цэны), заводзяць крымінальныя справы. Так і жывём.