Да чаго прывядзе «вайна са здаровым сэнсам» — АВВА
«Мера папулісцкая, а наступствы будуць цалкам рэальнымі», — заявіла Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) з нагоды ініцыятывы беларускага кіраўніка замарозіць цэны на ўсё.

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой выступіла са зваротам да бізнес-супольнасці з нагоды вайны беларускай улады з законамі эканомікі і бізнесу.
Днямі Лукашэнка загадаў увесці забарону на павышэнне цэнаў у Беларусі. Мера абсалютна папулісцкая, у якую не павераць нават далёкія ад эканомікі людзі. Але наступствы будуць цалкам рэальнымі, адзначае АВВА. І дапускае, што КДК і іншыя зноў пачнуць «кашмарыць» мясцовы бізнес — гэтым разам на падставе маніторынгу цэнаў. І дойдзе нават да тых, каго раней бяда абыходзіла бокам. Гэта толькі адзін з прыкладаў вайны, якую ўлада вядзе са здаровым сэнсам, са сваім народам, з законамі эканомікі і бізнесу.
Але праблема ў тым, што да ўсяго гэтага ў любы момант можа дадацца сапраўдная вайна. Прыхаваная мабілізацыя, выдзіранне каштоўных спецыялістаў з вытворчасці могуць дабіць любое ўстойлівае прадпрыемства. Не кажучы ўжо пра астатнія рызыкі.
Прыватнаму бізнесу варта яшчэ раз ацаніць усе рызыкі і падумаць: магчыма, прыйшоў час зафіксаваць страты, згарнуць дзейнасць у Беларусі і захаваць хоць нейкі капітал, пакуль гэта яшчэ магчыма.

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой адзначае, што:
1. Рэпрэсіі бізнесу працягваюцца, а дзяржаўны рэкет застаецца асноўным спосабам папаўнення дзяржаўнага бюджэту. Колькасць бізнесаў («кармавой базы») у Беларусі скарачаецца, і сілавікі могуць дайсці і да тых, каго раней абміналі сваёй цікаўнасцю.
2. Забарона на павышэнне цэнаў. Выдаткі на вядзенне бізнесу будуць расці. А павышэнне цэнаў стане яшчэ адной падставай, каб працягнуць напаўняць бізнесоўцамі беларускія турмы.
3. Лукашэнка працягвае адкрыта падтрымліваць вайну, а гэта нясе пагрозу ўвядзення новых санкцыйных бар’ераў, і беларусам будуць прыходзіць адмовы ад рынкаў, банкаўскага абслугоўвання. Санкцыі таксама ўскладняюць і робяць даражэйшай лагістыку. А кампенсаваць павышэнне звязаных з гэтым выдаткаў павышэннем адпускных цэнаў забаронена.

4. Беларусь усё больш залежыць ад Расіі, наша краіна губляе магчымасць праводзіць самастойную падатковую палітыку.
5. Пагроза прыхаванай мабілізацыі ўзрастае, і позвы могуць даслаць самым кваліфікаваным кадрам — інжынерам, тэхнікам, будаўнікам, кіроўцам.
Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой не прапануе з’язджаць з краіны ўсім бізнесоўцам, таму што тады Беларусь «аддадуць тым, хто яе не будаваў». Аднак настойліва прапануе ацаніць рызыкі вядзення бізнесу ў Беларусі і падумаць хаця б пра частковую рэлакацыю супрацоўнікаў.
