Дзярждоўг Беларусі з пачатку года вырас на 50,3%

Знешні дзярждоўг Беларусі за студзень-жнівень скараціўся на 1,1% да $12,4 млрд. Аднак унутраны дзярждоўг за той жа перыяд вырас на 30 трлн рублёў.



dengi.jpg

Знешні дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 верасня 2015 года склаў $12,4 млрд і паменшыўся з пачатку года на $132,5 млн, або на 1,1% з улікам курсавых розніц, паведамляе міністэрства фінансаў рэспублікі.

Па дадзеных Мінфіна, у студзені-жніўні 2015 Беларусь прыцягнула знешнія дзяржпазык на суму $ 1 млрд 720,1 млн. У тым ліку было прыцягнута $1 млрд 275 млн па крэдытах расійскага ўрада і банкаў, $ 414 млн крэдытаў банкаў Кітая, $31,1млн — крэдытаў МБРР.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2015 года склала $1 млрд 643,2 млн. У тым ліку было выплачана $1 млрд па еўрааблігацыях, $200 млн па крэдытах ўрада РФ, $75,9 млн — МВФ, $176,6млн — Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (былы АКФ ЕўрАзЭС), $125,9 млн — банкам Кітая, $7,5 млн — МБРР, $700 тыс — ЗША, $56,6млн — банкам Венесуэлы.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 верасня 2015 года склаў Br78,4 трлн і вырас за студзень-жнівень на Br30 трлн на 62,1% (з улікам курсавых розніц).

Такім чынам, дзярждоўг Беларусі на 1 верасня 2015 склаў Br296,7 трлн і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2015 на Br99,3 трлн, або на 50,3%.

АФН