Дзяржаўны кантроль прыдумаў, як знізіць сабекошт камунальных паслугаў
Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі падрыхтаваў прапановы знізіць сабекошт камунальных паслуг на 7,3%, перадае БЕЛТА.
Найперш прапануецца падвысіць эфектыўнасць энергетычнай і водаправоднай гаспадарак, бо ўзімку цяпло дае траціну платы за ЖКГ. Неэфектыўныя кацельні прапануюць зліквідаваць, пераключыць нагрузку на больш эфектыўныя. Адзначаецца і нездавальняльны стан цеплавых сетак — аб’ёмы замены не выконваюцца, страты ў водазабеспячэнні перавышаюць нарматывы.
Трэба падвысіць і ролю мясцовых відаў паліва: калі жыллёвыя гаспадаркі самі нарыхтоўваюць драўніну, то выдаткаў на закуп паліва менш на 20%, падлічылі ў КДК. Ёсць прапановы да фармавання тарыфаў і вызначэння каэфіцыентаў ставак падатку на нерухомасць і зямлю. Таксама прапанавана спыніць утрыманне няпрофільных актываў, аптымізаваць выдаткі на закуп тавараў, не завышаць сабекошт праз закуп у пасрэднікаў.
Летась прапановы КДК дазволілі знізіць гадавыя выдаткі на ЖКГ на 16,5%, сцвярджае Дзяржкантроль, а сёлетнія прапановы маюць знізіць сабекошт паслуг на 7,3% у 2017–2018 гадах.
Тым часам «камуналка» для беларусаў даражэе ня гэтулькі праз сабекошт, колькі праз долю кампэнсацыі выдаткаў дзяржавы на ЖКГ: на канец 2016 году беларусы мусілі вяртаць 50% выдаткаў, да канца 2017 году мусяць вяртаць ужо 75%, да канца 2018-га — 100%.
Паводле svaboda.org