Дзяржава рыхтуе рашэнне аб абмежаванні даходаў банкіраў

У Беларусі разглядаюць прапановы аб абмежаванні памеру даходаў банкаўскіх работнікаў. Канчатковае рашэнне можа быць прынятае ў красавіку.

natsbank_7.jpg


Паводле інфармацыі БелаПАН, пытанне пра заробкі банкаўскіх работнікаў ужо разглядалася ў лютым у Нацбанку на спецыяльнай нарадзе, прысвечанай карпаратыўнаму кіраванню. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва практычна ўсіх камерцыйных банкаў.
Падчас нарады была абвешчаная пазіцыя кантрольных органаў, якія лічаць, што заробкі банкаўскіх работнікаў неабходна абмежаваць.
На думку назіральнікаў, работнікі крэдытна-фінансавых арганізацый самі вінаватыя ў павышанай увазе дзяржавы да іх даходаў. "Паказушныя паводзіны асобных банкаўскіх работнікаў бачныя ўсім, людзям варта паводзіць сябе больш сціпла", — заявіў БелаПАН эксперт у фінансавых колах.
Зараз падрыхтаваныя розныя прапановы наконт аплаты працы банкаўскіх работнікаў.
Паводле звестак БелаПАН, адна з іх складаецца ў тым, каб абмежаваць аклады кіраўнікоў камерцыйных банкаў на ўзроўні, які не перавышае памер акладу старшыні праўлення Нацыянальнага банка.
Альтэрнатыўная прапанова — у банках павінны з'явіцца незалежныя дырэктары, якія б займаліся пытаннем аплаты працы топ-менеджараў. "Пару крокаў у бок карпаратыўнага кіравання — і праблема з заробкамі ў банкаўскай сферы магла быць сама ўрэгуляваная. У камерцыйных банках з'явіліся б незалежныя дырэктары па ўзнагароджанні, і пытанне з адэкватнасцю заробкаў банкаўскіх кіраўнікоў магло быць урэгуляванае", — пракаментаваў БелаПАН эксперт у фінансавых колах.
Беларускія эканамісты лічаць, што дзяржаве варта ўмешвацца ў даходы топ-менеджараў прыватных банкаў толькі ў тых выпадках, калі дзейнасць крэдытных арганізацый пагражае фінансавай стабільнасці ў краіне.
"Калі кіраўнікоў усіх банкаў спрабуюць падвесці пад адзін капыл, гэта падаецца дзіўным. Калі топ-менеджары прыватных кампаній вырашаюць задачы, пастаўленыя акцыянерамі, узнікае пытанне, чаму ўласнікі не могуць выплачваць менеджменту годнае ўзнагароджанне?" — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Дзмітрый Крук.
Падобнага меркавання прытрымліваюцца і іншыя эканамісты.
"Дзяржава павінна змагацца з нелегальнымі, а не з высокімі даходамі. Высокія даходы з'яўляюцца ўзнагародай за прадпрымальніцкі талент. Калі дзяржава не заахвочвае такі талент, прыватны бізнес наўрад ці зможа нармальна развівацца і пачынае сыходзіць з краіны", — падкрэсліў у каментары БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН