ЕБРР прыпыніў фінансаванне дзяржаўных праектаў у Беларусі
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прыпыніў фінансаванне дзяржаўных праектаў у Беларусі, аднак раней заключаныя крэдытныя дагаворы будуць выкананы.

«Заклікаем Беларусь і далей выконваць усе свае міжнародныя абавязацельствы. ЕБРР па-ранейшаму інвестуе ў праекты прыватнага сектара ў Беларусі, а крэдытаванне дзяржаўных праектаў мы ўжо не ажыццяўляем на працягу некаторага часу. Мы не разглядаем новыя суверэнныя праекты ў краіне», — прыводзіць REFORM.by словы прадстаўніка прэс-службы ЕБРР.
Разам з тым ЕБРР пакуль мае намер працягваць рэалізацыю раней заключаных пагадненняў, накіраваных на мадэрнізацыю інфраструктуры.
Летась ЕБРР выдзеліў Беларусі 400 млн еўра. Раней банк ужо адмаўляўся ад працы з дзяржаўнымі арганізацыямі, працягваючы супрацоўнічаць толькі з прыватным сектарам. Толькі ў 2016 годзе краінавая стратэгія ЕБРР была змененая, пасля чаго пачалося актыўнае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі.
Інвестыцыі банка ў Беларусь у апошнія гады раслі ў асноўным за кошт праектаў з удзелам дзяржавы.