ЕЭК адкрыла ў інтэрнэце «кнігу скаргаў і прапаноў»

У Еўразійскім эканамічным саюзе пачаў працу інфармацыйны рэсурс «Функцыянаванне ўнутраных рынкаў Еўразійскага эканамічнага саюза». 

eek_2.jpg


Яго асноўная задача — выявіць бар`еры і абмежаванні ва ўзаемным гандлі. Рэсурс размешчаны па адрасе: https://barriers.eaeunion.org, паведаміла БелаПАН прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Партал быў прэзентаваны на выставачным форуме «Еўразійскі тыдзень». Азнаёміўшыся з магчымасцямі інфармацыйнага сайта, старшыня калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян адзначыў, што з дапамогай такога рэсурсу прадпрымальнікі і грамадзяне Саюза могуць аператыўна накіроўваць інфармацыю аб іх праблемах на ўнутраных рынках, а таксама атрымліваць звесткі аб ходзе працы з падобнымі зваротамі.
«Фактычна сайт стане своеасаблівай кнігай скаргаў і прапаноў. Спадзяюся, што прадстаўнікі бізнес-супольнасці Еўразійскага эканамічнага саюза пачнуць актыўна выкарыстоўваць магчымасці інтэрактыўнага ўзаемадзеяння з ЕЭК», — сказаў Саркісян.
Новы сайт змяшчае вялікі аб`ём інфармацыйна-даведачных матэрыялаў, адказы на найбольш распаўсюджаныя пытанні ў сферы ліквідацыі перашкодаў на ўнутраных рынках краін Саюза. Ён дазваляе адсочваць наступныя дзеянні ЕЭК па бар`ерах, знаёміцца з маючымі адбыцца мерапрыемствамі, працай па ліквідацыі перашкодаў, канкрэтнымі бар`ерамі, з якімі цяпер працуе ЕЭК.
Еўразійская эканамічная камісія, пастаянна дзеючы наднацыянальны рэгулюючы орган Еўразійскага эканамічнага саюза, пачала працу 2 лютага 2012 года. У ЕЭК ўваходзяць прадстаўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі. Рашэнні камісіі абавязковыя для выканання ў краінах Саюза.