Эканаміст: «Беларуская эканоміка дасягнула дна і спрабуе адштурхнуцца»

Беларуская эканоміка ўсё больш залежыць ад рашэнняў, якія прымаюцца не ў Мінску, а ў Расіі, лічыць эканаміст Зміцер Крук.

_zycce___ljudzi___horad___transpart__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Зьміцер Крук канстатуе, што беларуская эканоміка дасягнула дна падзеньня і пачала спробу пэўнага росту, аналізуе, у чым праяўляецца і да чаго вядзе дапамога Расеі, і тлумачыць, чаму ўлады не хвалюе масавая эміграцыя беларусаў.

— Летась беларуская эканоміка ўпала амаль на 5 працэнтаў, але падзеньне працягваецца і першыя месяцы гэтага году. Гэта проста вынік першых месяцаў ці доўгатэрміновая тэндэнцыя?

— Нягледзячы на вынікі першых месяцаў мы ўжо назіраем, што пачалася пэўная стабілізацыя і нават аднаўленчы рост эканомікі. Тое падзеньне, якое відаць паводле вынікаў першага кварталу, — гэта чаканы і натуральны факт, бо параўнаньне ідзе яшчэ з «даваеннай» базы. Але калі параўноўваць з чацьвёртым кварталам мінулага году, то ўжо бачны аднаўленчы рост. То-бок гэта сьведчыць, што тое дно, якое было дасягнутае ў выніку санкцыяў і страты эўрапейскага рынку, ужо пераадоленае, ад яго адштурхнуліся, і пачаўся пэўны рост.

Тут я бачу галоўныя два пытаньні. Па-першае, гэтае дно аказалася не такім глыбокім, як можна было чакаць. Па-другое, наколькі ўстойлівым будзе цяперашні аднаўленчы рост, ці можна чакаць вяртаньня хаця б да даваеннага ўзроўню?

— Аднак санкцыі не адмененыя, яны працягваюцца. Ці адаптавалася беларуская эканоміка да гэтых санкцыяў, альбо проста іх нейкім чынам абыходзяць?

— Я думаю, і тое, і другое. З прычыны засакрэчаных дадзеных цяжка дакладна вызначыць, наколькі тут вялікая роля абыходу санкцыяў. Але галоўны чыньнік таго, што дно аказалася не такім глыбокім, — гэта і адаптацыя эканомікі, і зьбег пэўных удалых абставінаў.

Першае — улады знайшлі новыя нішы на расейскім рынку. Заходнія вытворцы адтуль сышлі, узровень канкурэнцыі зьменшыўся, і гэта палепшыла сытуацыю для беларускіх вытворцаў. Па-другое, была спрыяльная сытуацыя ў сэнсе канкурэнтаздольнасьці беларускага экспарту ў сувязі з курсам расейскага рубля, што дало магчымасьць беларускаму рублю ў другой палове 2022 году ўзмацняцца да даляра. Трэці чыньнік, які, магчыма, самы галоўны — паступовае аднаўленьне так званай «нафтавай рэнты» (прыкладна зь верасьня). Нафта для Беларусі стала каштаваць значна таньней, а ў гэтым годзе гэты чыньнік яшчэ ўзмацніўся ў сувязі з кампэнсацыяй расейскага «нафтавага манэўру».

Абыход санкцыяў таксама існуе, але ацаніць ягоныя аб’ёмы, натуральна, даволі складана. На думку экспэртаў, якія займаюцца гэтым пытаньнем, да траціны экспарту, які абваліўся, але потым раптам пачаў аднаўляцца, зьвязана менавіта са схемамі абыходу санкцыяў.


— Калі гаварыць пра «нафтавы манэўр», то гэта фактычна падтрымка Расеяй беларускай эканомікі, якая, паводле некаторых падлікаў, была ў мінулым годзе рэкорднай і склала, у самых розных формах, да 15 мільярдаў даляраў.

— Так, тут вельмі шмат чыньнікаў. Нафтавая рэнта, нізкія цэны на газ (асабліва калі ўзгадаць, што ў 2022 годзе рынкавыя цэны на газ у сьвеце дасягалі фантастычных лічбаў, а Беларусь атрымлівала яго па 128 даляраў). Ёсьць і іншыя рэчы: рэструктурызацыя крэдытных абавязаньняў, падтрымка беларускага экспарту ў Расею — усё гэта вельмі ўплывала на беларускую эканоміку.

Пытаньнем застаецца, у якой ступені гэта вынік «сьвежых» палітычных дамоўленасьцяў і сьвядомая пазыцыя Расеі, а ў якой ступені проста пратаптаная каляіна: раней дамовіліся — і выконваюць. Але факт у тым, што вось гэтая падтрымка Расеяй (калі гэта можна назваць падтрымкай, бо за яе Беларусь расплачваецца сваім сувэрэнітэтам) істотна павялічыла ступень эканамічнай залежнасьці ад Расеі, якую сёньня ўжо можна назваць ня толькі вялікай, але крытычнай і гіганцкай.

— Што азначае гэтая крытычная залежнасьць на пэрспэктыву? Чым гэта можа скончыцца для будучыні беларускай эканомікі?

— Уцягваньне ў расейскую арбіту вядзе да таго, што мы будзем паўтараць іхны шлях разьвіцьця ў розных сфэрах. Гэта як залежнасьць беларускага рубля ад курсу расейскага, так і ў іншых сфэрах: фінансаў, энэргетыцы, сацыяльнай — мы ўсё больш залежым ад рашэньняў, якія прымаюцца ня ў Менску, а ў Расеі. І ў пэўны момант расейцы могуць проста сказаць: «Калі птушка кракае, як качка, плавае, як качка — то гэта і ёсьць качка». Калі вы настолькі залежыце ад Расеі, у вас увесь гандаль з Расеяй, дык вы, можа, і ёсьць Расея? Думаю, гэта і ёсьць іхная асноўная стратэгія.

— Калі беларуская эканоміка, як вы сказалі, дасягнула пэўнай стабілізацыі — то як выглядае цяперашні прагноз, хаця б на канец гэтага году? Вядома, калі не адбудзецца нейкіх надзвычайных палітычных падзеяў.

— Я схіляюся да таго, што будзе рост: 2 працэнты выглядаюць даволі рэалістычным сцэнарам. Вядома, ня трэба гэты плюс пераацэньваць. Сапраўды, трэба памятаць, што гэта плюс пасьля падзеньня 5 працэнтаў у мінулым годзе. Так што нават калі будзе зафіксаваны такі рост, то ў лепшым выпадку гэта будзе вяртаньне на вынікі 2019 году — наўрад ці гэтым можна ганарыцца.

Так што гэта той самы, як я гэта называю, «аднаўленчы рост», што ў пэўным сэнсе адбываецца натуральна. Але нават гэты тэарэтычны рост зусім не гарантаваны. Ён грунтуецца на такіх няўстойлівых мэханізмах, як нафтавая рэнта Расеі, цэнавая канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку — усё гэта можа зьмяніцца ў любы момант.

Што тычыцца даходаў, то некаторае аднаўленьне росту заробкаў зьвязанае ў тым ліку і зь міграцыяй. Шмат якія фірмы вымушаныя падвышаць заробкі, каб утрымаць сваіх супрацоўнікаў ад ад’езду за мяжу. Што да ўладаў, то яны традыцыйна жывуць сёньняшнім днём, ня надта дбаюць пра далёкую будучыню і таму спакойна ставяцца да міграцыі беларусаў. Бо гэта ў іхным разуменьні чыньнік стабілізацыі грамадзтва і зьмяншэньня беспрацоўя. За выключэньнем некаторых сфэраў, такіх, як мэдыцына, дзе ад’езд супрацоўнікаў становіцца сур’ёзнай сацыяльнай праблемай.


Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію «Свабодзе» заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні да 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія «IKEA» згарнула бізнэс у краіне. «IKEA» шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушанае ськіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія «Maersk» заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія «OLVI» паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турнірах у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва «Fitch», зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія «American Express» прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў: «Белаграпрамбанка», банка «Дабрабыт» і Банка разьвіцьця.

16 красавіка ўведзеная поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікаванае ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023-га ў сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асобаў, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.