Эксперты: у 2020 годзе эканоміка Беларусі працягне запавольвацца

Упершыню за сем гадоў бюджэт будзе дэфіцытным.

eco_6.jpg

Згодна з праектам бюджэту на будучы год, дэфіцыт складзе больш за 484 млн долараў у эквіваленце, або 0,7% ВУП. Чакаецца таксама, што сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара складзе 2,24 рубля.
Цікава, што пры ўсіх эканамічных цяжкасцях, якія перажывае эканоміка Беларусі, урад па-ранейшаму разлічвае дасягнуць росту эканомікі па мэтавым прагнозе на ўзроўні 2,8%. Гэта той самы паказчык, зацверджаны ўказам Аляксандра Лукашэнкі.
На гэтым фоне ацвераджальна глядзяцца прагнозы на 2020 год з боку міжнародных экспертаў.
Напрыклад, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця лічыць, што эканамічны рост у краіне замарудзіцца да 1,3% у 2019 годзе і 1,2% у 2020 годзе.
— Але перспектывы росту залежаць ад перспектыў атрымання Беларуссю кампенсацыі за ўкараняемы Расіяй падатковы манеўр, наступствы якога застаюцца няяснымі, — гаворыцца ў абноўленым макрааглядзе ЕБРР.
Сусветны банк таксама настроены не надта аптымістычна: як адзначыў на прэс-канферэнцыі ў Мінску эканаміст банка Сяргей Гайдук, пры больш спрыяльных умовах для запазычанняў на знешніх рынках магчымы «нейкі пазітыўны імпульс для росту беларускай эканомікі».
— Але гэта не будзе нейкі скачок, які дазволіць выйсці на тэмпы росту звыш 2% у год у рэальным выражэнні, — дадаў ён.
Паводле Салідарнасці