Fitch Ratings пацвердзіла негатыўны прагноз крэдытнага рэйтынгу Беларусі

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings пацвердзіла крэдытны рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце на ўзроўні B з негатыўным прагнозам.

dollar_valjuta_evro.jpg


Негатыўны прагноз «улічвае ўразлівасць, узмоцненую з прычыны палітычнага крызісу ў поствыбарчы перыяд, якая абумоўлівае рызыкі для макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці» — пиша Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.

«Супрацьстаянне паміж уладай і апазіцыяй пасля леташніх выбараў, вынікі якіх аспрэчваліся, застаецца нявырашаным. Публічныя пратэсты саслаблі на фоне жорсткіх мераў у адказ, і палітычная арэна для расколатай апазіцыі сціскаецца», — лічаць аналітыкі Fitch.

Беларускі ўрад умацоўвае адносіны з Расіяй у адказ на міжнароднае асуджэнне выбараў, у тым ліку з меркаванняў фінансавага характару, канстатуе агенцтва.

Fitch Ratings адзначае, што Беларусі ў 2021 годзе трэба будзе накіраваць на пагашэнне дзяржаўнага доўгу 2,77 мільярда долараў, пры гэтым на пагашэнне знешняга доўгу трэба будзе выдаткаваць амаль 2.4 мільярды долараў, з якіх 45% прыпадаюць на Расію, 17% — на Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, і 22% на Кітай.

Fitch звяртае ўвагу, што ў 2022 годзе сума пагашэння знешняга валютнага доўгу будзе прыкладна такая ж, як і сёлета, а ў 2023-м павялічыцца да 3,5 мільярдаў долараў з прычыны наступлення тэрміну пагашэння па еўрааблігацыях.