ЕАБР можа перагледзець прагноз росту беларускай эканомікі з-за санкцый
Еўразійскі банк развіцця захоўвае прагноз росту ВУП Беларусі на 0,1% па выніках 2021 года, але можа ўдакладніць яго ў канцы чэрвеня, у тым ліку з-за аднаўлення санкцый з боку ЗША. Пра гэта гаворыцца ў травеньскім макраэканамічным аглядзе ЕАБР.
Эксперты банка адзначаюць рост ВУП краіны ў першым квартале на 0,9%, забяспечаны, у асноўным, прамысловасцю. Разам з тым у гандлі, будаўніцтве і транспарце асноўныя індыкатары заставаліся адмоўнымі. Актыўнасць, на думку ЕАБР, у гэтых сектарах стрымліваецца слабым спажывецкім і інвестыцыйным попытам, паведамляе REFORM.by.
Па выніках першага паўгоддзя тэмпы росту ВУП могуць паскорыцца. У мінулым годзе на другі квартал прыйшлася першая хваля пандэміі, звязаная з найбольшым запаволеннем эканомік па ўсім свеце.
«У другой палове 2021 года эфект нізкай базы будзе вычарпаны і рост эканомікі замарудзіцца ва ўмовах стрыманай інвестыцыйнай і спажывецкай актыўнасці», — адзначаюць у банку.
ЕАБР падкрэслівае, што высокія тэмпы росту ў нафтаперапрацоўцы і вытворчасці калійных угнаенняў у другім квартале пачнуць запавольвацца на фоне вычарпання эфекту нізкай базы. Эфект нізкай базы — гэта калі ў папярэднім годзе былі нізкія паказчыкі, і на іх фоне сённяшнія лічбы выглядаюць ростам. Напрыклад, з-за цэнавага канфлікту з расійскімі кампаніямі ў студзені-сакавіку 2020 года айчынныя НПЗ недаатрымлівалі сыравіну. У гэты ж перыяд цэны на калій і попыт на яго былі досыць нізкімі, — у адрозненне ад сённяшняй сітуацыі.
Дадатковы негатыўны эфект на працу нафтавай галіны можа аказаць аднаўленне з 3 чэрвеня амерыканскіх санкцый.
У гандлі ЕАБР, наадварот, чакае паляпшэнне дынамікі ў другім квартале, якое будзе звязана з нізкай базай, сфарміраванай у ходзе першай хвалі пандэміі. У цэлым па годзе ў банку чакаюць захавання стрыманай спажывецкай актыўнасці.
«Інвестыцыйную актыўнасць абмяжоўваюць як падвышаная нявызначанасць, так і зніжэнне аб'ёмаў рынкавага крэдытавання і няўстойлівае фінансавае становішча прадпрыемстваў. Гэтыя фактары будуць стрымліваць дынаміку інвестыцый у бягучым годзе», — гаворыцца ў аглядзе.
У другім квартале ЕАБР чакае, што ўзровень інфляцыі ў Беларусі складзе 8-9%. Запавольвацца яна пачне з канца трэцяга квартала. Эксперты банка чакаюць зніжэння сусветных цэн на прадукты харчавання. Адзначаецца, што для запаволення інфляцыі важным з’яўляецца адсутнасць знешніх шокаў і нарошчвання нярыначнага крэдытавання.