Форум прадпрымальнікаў пройдзе ў Мінску 14 снежня

Чарговы форум прадпрымальнікаў плануецца ў Мінску 14 снежня, паведамляе рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва". 



a534a2c1_5bd2_48bb_ac98_1190f2d5203c_cx2_cy8_cw82_mw1024_s_n_r1.jpg

Рабочая назва форуму — "Будучыня прадпрымальнікаў з 1 студзеня 2016 года: наступствы, рызыкі і прапановы". На мерапрыемстве плануецца падвесці вынікі дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) у 2015 годзе і абмеркаваць перспектывы працы. 


"Перспектыва" прапаноўвае ўсім прадпрымальнікам з рэгіёнаў і сталіцы пачаць кампанію па зборы подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў і кіраўніцтва краіны неадкладна ўвесці мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах дзеяння ўказа прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". Увесці мараторый прапануецца да прыняцця рашэння па суправаджальных дакументах на тавары, якое задавальняла б усе зацікаўленыя бакі. 


"Сітуацыя блізкая да крытычнай. У Полацку ІП мелі дакументы на тавар, плацілі ПДК, але гэта іх не выратавала, падатковая зрабіла запыт, далей усе ведаюць, што было — прыйшлі і забралі тавар. Трэба вырашаць гэтае пытанне неадкладна. Без вашага актыўнага ўдзелу зрабіць будзе вельмі цяжка", — цытуе сайт "Перспектывы" кіраўніка прадпрымальніцкага аб'яднання Анатоля Шумчанку. 


Згодна з указам № 222 1 сакавіка 2015 года скончыўся тэрмін, на працягу якога ІП маглі рэалізоўваць рэшткі прадукцыі легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць ураду, што з-за шэрагу аб'ектыўных прычын не змогуць працаваць у новых умовах, але іх меркаванне чыноўнікі ігнаравалі. Пасля хвалі забастовак ІП, якія прайшлі ў сакавіку па ўсёй краіне, тэрмін рэалізацыі тавараў без дакументаў працягнулі да 1 студзеня 2016 года. Аднак ІП працягваюць заяўляць, што не змогуць працаваць у новых умовах, бо іх пастаўшчыкі, пераважна з Расіі, або адмаўляюцца выдаваць нейкія дакументы на тавары, якія пацвярджаюць паходжанне прадукцыі, або выдаюць фальшывыя даведкі. 


Апошні форум прадпрымальнікаў прайшоў у Мінску 28 верасня. У ім узялі ўдзел прыкладна 200 прадстаўнікоў малога бізнесу, а таксама супрацоўнікі Міністэрства эканомікі і Міністэрства гандлю. Паводле вынікаў форуму была прынятая рэзалюцыя, у якой уладам прапаноўвалася максімальна спрасціць для ІП вядзенне бізнесу і адмяніць шэраг дакументаў, у тым ліку ўказ прэзідэнта № 222.
БелаПАН