Гамяльчанам павысілі зямельны падатак «у два разы, але на 25%». Як такое можа быць?
У 2017 годзе жыхары абласнога цэнтра, якія маюць зямлю або нерухомасць акрамя той, у якой пражываюць, будуць плаціць больш падаткаў.

Гомельскі гарадскі Савет дэпутатаў ўнёс змены ва ўласнае рашэнне аб памеры ставак падатку на нерухомасць і зямельнага падатку.
У папярэдняй рэдакцыі рашэння Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў «Аб падатку на нерухомасць і зямельным падатку» прадугледжвалася павелічэнне ў 2 разы стаўкі падатку на нерухомасць і ў 1,6 разы стаўкі зямельнага падатку для фізічных асоб.
Новая рэдакцыя рашэння выкладзена наступным чынам:
«Павялічыць ў 2,0 разы стаўкі падатку на нерухомасць і зямельнага падатку для фізічных асоб, якія маюць аб'екты падаткаабкладання названымі падаткамі на тэрыторыі горада Гомеля».
Такім чынам, стаўка зямельнага падатку для фізічных асоб у Гомелі была павялічана на 25%.
Што гэта значыць, і чаму рашэнне павялічыць падатак у два разы прыводзіць да павелічэння на адну чвэрць? Разабрацца з гэтымі хітраспляценнямі дапамог эканаміст Аляксей Харкевіч.
Эксперт растлумачыў, што ў Беларусі існуе адзіная стаўка зямельнага падатку і падатку на нерухомасць для фізічных асоб, якая складае 0,1% ад ацэначнага кошту аб'екта. Аднак ва ўсіх абласных цэнтрах да яе таксама прымяняецца павышаючы каэфіцыент, які прымаецца мясцовымі ўладамі — Гарадскім Саветам дэпутатаў.
Яшчэ ў 2010 годзе Гомельскі гарсавет прыняў рашэнне, згодна з якім гэтая стаўка была падвышаная ў два разы, склаўшы, такім чынам, ня 0,1%, а 0,2%.
Аднак пазней, сваім жа рашэннем, знізіў гэтую стаўку — з 2,0 разоў да 1,6 разоў.
На гэтым узроўні яна заставалася на працягу некалькіх гадоў, аднак пазней пачаўся зваротны адлік. Спярша дэпутаты прынялі рашэнне аб «павышэнне стаўкі падатку на нерухомасць для фізічных асоб у два разы» (замест 1,6 разоў, як было да гэтага), а на 2017 г. рукі дайшлі і да зямельнага падатку - у гэтым годзе гомельскія землеўладальнікі заплацяць у два разы больш адзінай рэспубліканскай стаўкі.
Такім чынам, рашэнне «аб павышэнні стаўкі ў два разы» на справе азначае, што яна павышаецца на 25% — з 1,6 разы да 2,0 разоў у параўнанні з той, якая дзейнічала ў Гомелі мінулым годзе.
Паводле Моцныя навіны