Індэкс Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў: Беларусь у дзясятцы найгоршых
Беларусь знаходзіцца ў дзясятцы найгоршых краін для працоўных, сведчыць 11-ы глабальны індэкс па выкананні правоў, складзены Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў, піша «Позірк».
Акрамя Беларусі ў гэтым пераліку фігуруюць Бангладэш, Гватэмала, Егіпет, М’янма, Туніс, Турцыя, Філіпіны, Эквадор і Эсваціні.
Метадалогія складання індэкса грунтуецца на “на стандартах асноўных правоў у сферы працы — права на свабоду аб’яднання, на вядзенне калектыўных перамоў, на забастоўку”. Аўтары дакумента абапіраюцца на вынікі анкетавання 340 нацыянальных прафсаюзаў у 169 краінах. Звесткі ацэньваюць даследчыкі ў галіне права, якія аналізуюць нацыянальнае заканадаўства і выяўляюць раздзелы, што не забяспечваюць належнай абароны міжнародна прызнаных калектыўных працоўных правоў.
Беларусь аднесеная да пятай катэгорыі з шасці — да краін, дзе выкананне правоў працоўных не гарантуецца.
У індэксе адзначана, што працоўныя ў Беларусі сутыкаюцца з сістэматычнымі рэпрэсіямі, неабгрунтаванымі затрыманнямі, адвольным закрыццём прафаюзаў.
“З красавіка 2022 года беларускія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў: запалохванне, арышты і змяшчэнне пад вартай лідараў і членаў прафсаюзаў, гвалтоўнае закрыццё, вобшукі ў офісах і канфіскацыя маёмасці, — гаворыцца ў дакуменце. — 42 лідары і актывісты прафсаюзаў незаконна затрымалі або пасадзілі ў турму, многія іншыя пазбаўленыя сваіх правоў і свабод. Тых, хто выходзіць на волю, улады называюць “экстрэмістамі”, робяць ізгоямі”.
Згодна з індэксам, “шакуючая дэградацыя правоў прафсаюзаў, грамадзянскіх і палітычных свабод заахвоціла Міжнародную канферэнцыю працы прыняць рэзалюцыю паводле арт. 33 Статута МАП, каб дабіцца ад уладаў выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні МАП”.
Затрыманні нелаяльных да ўладаў працоўных, падкрэсліваецца ў дакуменце, фіксаваліся на працягу ўсяго 2023 года і ў 2024-м. Палітвязні, у ліку якіх прафсаюзныя дзеячы, “утрымліваюцца ў бесчалавечных умовах”.
18–19 красавіка 2022 года па Беларусі пракацілася хваля вобшукаў і затрыманняў актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Многія прафсаюзныя лідары былі асуджаныя ў крымінальным парадку (некаторыя ўжо паспелі выйсці на волю). Беларускі кангрэс незалежных прафсаюзаў і ўсе арганізацыі, якія ў яго ўваходзілі, ліквідаваныя.