Індыя шукае замену беларускаму калію у Канадзе, Ізраілі і Іарданіі
Індыя шукае замену калійных угнаенняў з Беларусі і Расіі ў Канадзе, Ізраілі і Іарданіі. Пра гэта паведамляе Times of India. Па інфармацыі выдання, з-за санкцый пад пагрозай аказалася палова паставак калія, неабходнага аграрыям краіны.
Індыі ў красавіку-верасні неабходна каля 2 млн тон угнаенняў, з якіх 1,2 млн тон плануецца атрымаць у Канадзе, а 880 тыс тон — у Ізраілі і Іарданіі. Пачатковыя запасы складалі каля 500 тыс тон, піша REFORM.by.
Летась Індыя завезла з Беларусі каля 1,4 млн тон і 600 тыс тон —з Расіі. Варта адзначыць, што на долю Індыі прыпадала 13% паставак «Беларуськалію».
Выданне адзначае, што праз вайну Расіі супраць Украіны ўгнаенні ўжо падаражэлі з 280 долараў за тону да 590 долараў за тону ў сакавіку. У такую цану абыходзяцца ўгнаенні з Канады.
У год Індыі патрабуецца каля 4,2 млн тон калійных угнаенняў. Урад краіны ўжо шукае дадатковыя крыніцы паставак, калі канфлікт працягнецца і санкцыі будуць захоўвацца больш доўгі час.
Нагадаем, у дачыненні да беларускіх вытворцаў і трэйдараў калійных угнаенняў дзейнічаюць санкцыі ЗША. Еўрасаюз не ўводзіў санкцый непасрэдна ў дачыненні да калійных угнаенняў, аднак Літва адмовілася ад транзіту калію ў порт Клайпеды. У выніку Беларусь адчувае складанасці з перавалкай угнаенняў. Дадатковыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і Расіі пасля пачатку вайны, таксама вельмі ўскладняюць перавозкі ўгнаенняў.
Трэба адзначыць, што яшчэ ў сакавіку канадская Nutrien, якая з'яўляецца найбуйнейшым сусветным вытворцам калійных угнаенняў, абвясціла аб павелічэнні выпуску ў 2022 годзе амаль на мільён тон да 15 млн тон.