Паслабленне расійскага рубля пагражае дэвальвацыяй беларускага

Дэвальвацыя расійскага рубля, магчымасць якой зараз абмяркоўваецца, можа прывесці да абясцэньвання беларускай нацыянальнай валюты.

rouble.jpg

Дэвальвацыя расійскага рубля ў агляднай будучыні цалкам верагодная

Планы Масквы з нагоды паслаблення расійскага рубля на сённяшні дзень не цалкам ясныя. У канцы красавіка Уладзімір Пуцін зрабіў на гэтую тэму шэраг заяў, з якіх, аднак, незразумела, якое будзе прынята рашэнне. Ён адзначыў, што гэта тонкая сфера, дзе трэба дзейнічаць акуратна, паколькі тут закранаюцца «рознанакіраваныя інтарэсы ўсіх удзельнікаў эканамічных працэсаў». Па словах расійскага прэзідэнта, у моцным рублі зацікаўлены бізнес, які займаецца інвестыцыйным імпартам, і грамадзяне, якія набываюць імпартныя тавары. Пры гэтым экспарцёры і сыравінныя кампаніі не зацікаўленыя ў празмерным ўмацаванні расійскага рубля.
На думку намесніка дырэктара Даследчага цэнтра ІПМ Ірыны Тачыцкай, дэвальвацыя расійскага рубля з'яўляецца цалкам верагодным варыянтам развіцця падзей: «Расія ўжо не раз рабіла такія заявы. І эканамічныя прагнозы і бюджэт на гэты год будуюцца зыходзячы з больш слабага рубля».
Дэвальвацыя расійскага рубля на 1% прыводзіць да абясцэньвання беларускага рубля на 0.65%Як паказвае вопыт, ваганні курсу расійскага рубля нязменна адбіваюцца на курсе беларускага рубля. «Сёння расійскі рубель складае 0.5 кошыка валют, таму ўплыў яго на беларускі рубель несумненна. Залежнасць курсу не прамая, то бок ваганні адбываюцца не адзін да аднаго, але эфект пераносу ёсць», — сказала Ірына Тачыцкая.
Эксперты Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась і Глеб Шымановіч не так даўно правялі даследаванне, дзе разлічваліся ўплыў знешніх шокаў на эканоміку Беларусі.
«Змены ў курсе расійскага рубля таксама аказваюць ўплыў на макраэканамічную сітуацыю ў Беларусі. Паводле атрыманых вынікаў, шок абясцэньвання расійскага рубля на 7.7% (адно стандартнае адхіленне) вядзе ў кароткатэрміновым перыядзе да зніжэння курсу беларускага рубля на 5% », — гаворыцца ў даследаванні. Іншымі словамі, абясцэньванне расійскага рубля на 1% прыводзіць да зніжэння курсу беларускага рубля на 0.65%.
Зрэшты, шмат у чым рэакцыя беларускага рубля на ваганні расійскага залежыць ад таго, у якіх умовах гэта адбываецца. Напрыклад, як нагадала Ірына Тачыцкая, у канцы 2014 года адбылася рэзкая дэвальвацыя расійскага рубля, у той час як беларускі рубель быў моцна пераацэнены. З-за гэтага, а таксама з-за ўздзеяння псіхалагічных фактараў, тады адбыўся рэзкі абвал беларускай нацыянальнай валюты. Сёння паўтор такога сцэнара вельмі малаверагодна.
«Цяпер сітуацыя зусім іншага парадку. Расія плануе аслабіць рубель на 15-20% на працягу года, што можа выклікаць, зыходзячы з разлікаў, дэвальвацыю беларускага рубля на 10-13%. Уплыў будзе залежаць ад таго, якая будзе праводзіцца палітыка. Расія збіраецца плаўна аслабіць рубель праз куплю Цэнтральным банкам валюты на расійскім рынку. Гэта азначае, што ў нас таксама будзе паступовая дэвальвацыя», — сказала Ірына Тачыцкая.
Паводле яе слоў, магчымую дэвальвацыю наўрад ці можа пагоршыць рэакцыя насельніцтва: некалькі месяцаў таму беларускі рубель апускаўся да 2.1 рубля за долар, і гэта не выклікала ажыятажу, чэргаў у абменных пунктах не было. Што тычыцца прадпрыемстваў, то для іх, на думку Ірыны Тачыцкай, важны не столькі кошт нацыянальнай валюты, колькі прадказальнасць сітуацыі.
«Калі дэвальвацыя будзе плыўнай і прагназуемай, яна не акажа негатыўнага ўплыву на эканоміку», — лічыць эксперт.
Паводле thinktanks.by