Яшчэ не бяды! Устаноўлены ліміт бяспошліннага ўвозу тавараў у Беларусь

Новы ліміт бяспошліннага ўвозу тавараў у Беларусь будзе дзейнічаць да 1 кастрычніка. І гэты ліміт пакуль застаецца падвышаным!

padarunak__skrynka.png

Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі па ініцыятыве расійскага боку падоўжыў яшчэ на паўгода дзеянне павышанага парога бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі ў ЕАЭС у памеры 1 тысячы еўра, паведамляе выданне «Беларусы і рынак».

Пра гэта на брыфінгу па выніках праведзенага 30 сакавіка пасяджэння паведаміла афіцыйны прадстаўнік Еўразійскай эканамічнай камісіі Ія Малкіна.

«Такім чынам, да 1 кастрычніка гэтага года парог бязмытнага ўвозу тавараў для фізічных асоб складзе 1 тысячу еўра і 31 кілаграм для тавараў, якія перавозяцца перавозчыкам або ў паштовых адпраўленнях, што ўвозяцца багажом усімі відамі транспарту, акрамя паветранага, або ў пешым парадку, — цытуе Малкіну БЕЛТА. — У выпадку, калі кошт тавараў перавышае гэтую суму або яе вага складае больш за 31 кілаграм, неабходна будзе заплаціць пошліну ў памеры 15% ад кошту, але не менш за 2 еўра за 1 кг у частцы перавышэння нормаў».

Прадстаўнік Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) нагадала, што парог быў павышаны на часовай аснове год таму, каб падтрымаць грамадзян, якія заказваюць тавары для асабістага карыстання ў замежных інтэрнэт-крамах, і ў кастрычніку яго дзеянне было падоўжанае да 1 красавіка гэтага года.

Раней парог складаў 200 еўра для тавараў, якія перавозяцца перавозчыкам або ў паштовых адпраўленнях, і 500 еўра для тавараў, што ўвозяцца багажом усімі відамі транспарту, акрамя паветранага, або ў пешым парадку.

«Адзначу, што парог бяспошліннага ўвозу на самалёце захоўваецца на ўзроўні 10 тысяч еўра і 50 кілаграмаў», — дадала Ія Малкіна.

Нагадаем, як пісаў НЧ, у Беларусі далучыліся да лімітаў ЕЭК з 1 ліпеня 2022 года. Тады быў адменены ліміт у 22 еўра ды 10 кілаграм на пасылкі з замежных інтэрнэт-крам.

Спачатку планавалася, што гэта «дзяржаўная шчодрасць» — часовая, толькі да 1 кастрычніка 2022 года. А пасля 1 кастрычніка вернецца стары ліміт — 200 еўра і 31 кг для Беларусі. Пазней зноў працягнулі — але палохалі, што толькі да 1 красавіка. Цяпер вось да 1 кастрычніка 2023-га.