Кабякоў убачыў «пазітыўную траекторыю» ў беларускай эканоміцы

Паводле слоў прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякоў у беларускай эканоміцы намецілася «пазітыўная траекторыя», і «ёсць надзея, што яна захаваецца».



kobyakov212.jpg

Пра гэта прэм’ер-міністр заявіў на нарадзе ў Лукашэнкі аб бягучай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне, перадае БелТА.

«Сёння можна ўжо казаць, што тыя меры, якія прымаюцца, дазволілі пазбегнуць далейшага зніжэння тэмпаў эканамічнага росту. Пры гэтым мы ў поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны разлічыліся па нашых валютных абавязацельствах», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Тэмпы росту ВУП за 8 месяцаў бягучага года ў параўнанні са студзенем-ліпенем павялічыліся на 0,5% і склалі 96,5% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года (то бок, насамрэч, знізіліся на 3,5% — «НЧ»). «Эканоміка ўступіла ў стадыю аднаўленчага росту. Аднак рэзкая дэвальвацыя расійскага рубля ў жніўні, а ўслед за ёй і вымушанае змяненне курсу беларускага рубля да замежных валют ўнеслі некаторыя карэктывы, але ёсць падставы меркаваць, што пазітыўна акрэсленая траекторыя захаваецца», — сказаў прэм’ер.

У цэлым, паводле слоў Кабякова, эканамічная сітуацыя ў краіне ацэньваецца як складаная, але кантралюемая.