Калійны праект Гуцарыева ў Любанскім раёне замарожаны

Калійны праект расійскага алігарха Міхаіла Гуцарыева ў Любанскім раёне замарожаны: памятны знак з капсулай ад Лукашэнкі прыбралі, будаўнічыя працы спыненыя, тэхніку адагналі назад у Расію.



guc_luka.jpg

svaboda.org

Сёлета ў верасні расійскі прадпрымальнік Міхаіл Гуцарыеў і Аляксандр Лукашэнка ўрачыста заклалі капсулу ў гранітны памятны знак у гонар заснаваньня новага калійнага камбінату ў Любанскім раёне.

Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта гістарычны момант і некалькі разоў казаў пра тое, што варта датрымлівацца тэрмінаў. Ён нават паабяцаў перайменаваць Любань у Гуцарыеўск у выпадку якаснага і своечасовага выканання праекту.

У чаканні крэдыту

Паводле мясцовых жыхароў, на сярэдзіну снежня ніякія будаўнічыя працы ў раёне вёскі Смольгава Любанскага раёна, дзе павінен паўстаць калійны камбінат, не вядуцца. Працаўнікоў «Слаўкалію» не звольнілі, ім плацяць заробкі, але на працу яны не выходзяць. У кампаніі катэгарычна адмовіліся камэнтаваць сітуацыю, аналагічны адказ быў атрыманы ад намесніка старшыні Любанскага райвыканкаму па эканамічных пытаннях.

Па словах Пятра, працаўніка «Слаўкалію», які папрасіў не называць яго прозвішча, начальства запэўнівае людзей, што яны пачнуць выходзіць на працу ад сярэдзіны студзеня.

«Зараз там толькі механікі дзяжураць. Гэтага перапынку не планавалася, узніклі праблемы з фінансаваннем. Абяцаюць, што з 15-га студзеня будзе праца, прыязджалі людзі з Мінска.

У горадзе бяда, нідзе няма работы. Думалі людзі, што адкрыецца камбінат, дык хоць праца будзе. А ўсё закрываюць, усё тухне».

Іншыя тэрміны пачатку будаўнічых працаў агучыла прэсавая служба Мінскага аблвыканкама — крэдыт атрымалі, усё адпавядае планам і будоўля адновіцца ў сакавіку:

«Вы каму хочаце верыць, Гуцарыеву, кіраўніку гэтай кампаніі ці мясцовым жыхарам? Што яны могуць ведаць? Крыху затармазілі, бо было пытанне з крэдытам, але цяпер лінія адкрытая, і яны прыступаюць да працы. Гэта праўдзівая інфармацыя».

Капсулу схавалі ад… людзей

Лукашэнка і Гуцарыеў не толькі выступалі ў Любані — там была закладзеная капсула ў памятны знак ля падмурку будучага прадпрыемства. Цяпер таго знаку няма на месцы. У горадзе кажуць, што ў расійскага інвестара скончыліся грошы, праект праваліўся, уся тэхніка адпраўленая сваім ходам у Расію.

«Сам камень прыбралі, каб яго не спляжылі мясцовыя жыхары, вандалы, хуліганы», — пацвердзіў Свабодзе Дзмітры Сухан, намеснік старшыні Любанскага райвыканкаму па пытаннях архітэктуры і будаўніцтва.

Сухан настойвае, што інвестар прытрымліваецца тэрмінаў, але пацвярджае, што крэдыт яшчэ не атрыманы.

«На гэты момант яны пабудавалі тое, што ў іх было ў планах. На сённяшні дзень стаіць пытанне атрымання крэдытных рэсурсаў ад кітайскага банку».

Крэдыт Гуцарыева

У Мінскім абласным выканаўчым камітэце запэўніваюць, што расійскі інвестар атрымаў першы транш кітайскага крэдыту, а спыненне працаў на зіму планавае.

Дзіўна, што Гуцарыеў чакае менавіта крэдытных сродкаў і не спяшаецца ўкладаць свае. Па ранейшай інфармацыі, ягоны ўнёсак павінен скласці прыблізна 286 млн. долараў. А астатнія грошы з агульнай сумы інвестыцый у 1,5 мільярда долараў у Дзяржаўнага банку развіцця Кітая будзе браць «Беларусбанк» пад гарантыі беларускага ўраду. GMC Global Energy plc, якой валодае Гуцарыеў, абавязваецца сплачваць толькі працэнтную стаўку за кітайскі крэдыт.

Што тычыцца тэрмінаў будаўніцтва, то ў 2011-м годзе было абвешчана, што кампанія Гуцарыева пры падтрымцы Беларусі пабудуе калійны камбінат ужо ў 2015-м. Але сёлетаадклалі чаканы запуск на 2020 год. Па стане на снежань, праект замарожаны, былі здзейсненыя толькі базавыя зямельныя працы. 

Радыё Свабода