Латвійскага інвестара пазбаўляюць прадпрыемства ў Шклове
Незадаволеная вынікамі дзейнасці латвійскіх уладальнікаў кампаніі "Шклоў Форэст ЛТД", Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі даручыла мясцовым уладам да 1 красавіка знайсці новага інвестара на гэтую пляцоўку.
Прадпрыемства было створана ў 2002 годзе для перапрацоўкі ўсыхаючых ельнікаў (каля 25 тысяч кубаметраў лесу). Хоць з гэтай задачай кампанія справілася, улады папрасілі яе ўладальнікаў — амерыканскую кампанію "Камандэр Кэпітал ЛЛК" і латвійскую Lindeks — паглыбіць перапрацоўку, паведамляе "Заўтра тваёй краіны".
"Шклоў Форэст" пачаў вытворчасць піламатэрыялаў і абяцаў наладзіць выпуск паліўных гранул і паганажных вырабаў. Аднак у лютым кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў падчас наведвання прадпрыемства заўважыў, што яно доўгі час карысталася дзяржпрэферэнцыямі, але практычна не ўкладала грошай у сваё развіццё. Паводле яго слоў, казаць аб сур'ёзных намерах заснавальнікаў не выпадае, з-за чаго і было вырашана памяняць інвестара.