Ліквідуецца кампанія, якая валодае рознічнай сеткай «Любімая аптэка»
Кампанія «Фармін» стала чарговым гульцом, які сёлета пакідае фармацэўтычны рынак Беларусі. Працэс закрыцця аптова-рознічнага фармацэўтычнага бізнесу, які калісьці ўваходзіў у першую васьмёрку на рынку, стартаваў у канцы лістапада, піша Officelife.media.
У мінулым месяцы быў выстаўлены на продаж галаўны офіс кампаніі
на мінскім праспекце Незалежнасці.
Паводле інфармацыі крыніц на рынку, прычынай праблем
бізнесу, які з сярэдзіны 1990-х развівае прадпрымальнік Інакенцій Ясноўскі, сталі даўгі перад пастаўшчыкамі і
крэдыторамі. У прыватнасці, не так даўно прэтэнзіі да кампаніі «Фармін» у расійскім
судзе прад'явіў вытворца зубной пасты «Splat».
Акрамя самога «Фарміна» цяпер ліквідуюцца некаторыя яго даччыныя структуры, якія
займаліся развіццём рознічнай сеткі «Любімая аптэка». На піку ў яе ўваходзілі больш за 100 гандлёвых кропак.
Паводле наяўнай інфармацыі,
на ліквідацыю падалі «Партнер Медзітэк»
і «Кампавід». Кампаніі «Не
Ска» і «Фітабел», а таксама рэзідэнт ПВТ «Айціфарма» пакуль значацца як
дзейсныя.
У гэтым годзе страціла самастойнасць кампанія «Белфарм». Яе
склады і аптэкі сталі часткай «Вострава здароўя».