Літоўская чыгунка знайшла магчымасць скасаваць кантракт з «Беларуськаліем»

Літоўская чыгунка мае права скасаваць кантракт з "Беларуськаліем" нават з улікам падпісанага раней дадатковага пагаднення.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У кастрычніку мінулага года Літоўская чыгунка падпісала з "Беларуськаліем" пагадненне аб змяненні парадку аплаты — паслугі пачалі аказвацца па перадаплаце. Умовы падпісанай дамовы засталіся ў сіле. Гэта азначае, што ў Літоўскай чыгункі па-ранейшаму ёсць магчымасць скасаваць дамову, калі іншы бок не выканае свае дагаворныя абавязацельствы. Усе астатнія ўмовы скасавання дамовы таксама засталіся без змен.
"Унясенне змен у дагаворы, дадатковыя пагадненні і іх магчымыя наступствы заўсёды старанна ацэньваюцца спецыялістамі кампаніі. Падпісанае ў кастрычніку дадатковае пагадненне, якое перайшло на перадаплату, не мяняе магчымасці ЛЧ прыпыніць абслугоўванне беларускай кампаніі. Пры змене парадку аплаты паслуг іншыя палажэнні дагавора засталіся ў сіле — абодва бакі дагавора маюць магчымасць скасаваць яго, калі іншы бок не выконвае свае дагаворныя абавязацельствы", — прыводзіць прэс-служба Літоўскай чыгнункі словы Кястуціса Шлюжаса, старшыні праўлення ЛЧ.
Нагадаем, у снежні ўрадавая камісія Літвы прызнала дамову паміж "Беларуськаліем" і ЛЧ разам з дадатковым пагадненнем да яго не адпаведным інтарэсам нацыянальнай бяспекі краіны. Падпісаныя дакументы прадугледжваюць транзіт прыкладна 11 мільёнаў тон беларускіх угнаенняў праз порт у Клайпедзе.
Кантракт паміж ЛЧ і "Беларуськаліем" можа быць скасаваны з апавяшчэннем за 12 месяцаў, што патэнцыйна пагражае банкруцтвам Літоўскай чыгунцы.
ЛЧ падпісала пагадненне з "Беларуськаліем" у 2018 годзе, яно дзейнічае да канца 2023 года.