Леанід Заіка: Падзенне расійскага рубля можа прывесці да дэвальвацыі беларускага
Курс долара 29 верасня на Маскоўскай біржы пераадолеў чарговы гістарычны максімум, дасягнуўшы рэкордных 39,534 руб. Таксама адносна расійскай валюты вырас курс еўра, пераадолеўшы 50-рублёвы ўзровень (50,13 руб.).
Падзенне расійскага рубля можа прывесці да дэвальвацыі беларускай валюты. Такую думку ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» выказаў кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.
Заіка адзначае, што ў Беларусі і Расіі розныя разуменні прынцыпаў банкаўскай сістэмы і яе рэгулявання, таму аўтаматычнага падзення беларускага рубля разам з расійскім не адбудзецца. «У Расіі курс знаходзіцца ў свабодным плаванні і ён асабліва не падтрымліваецца. То бок яны лічаць, што не трэба трымаць штучна курс, не трэба траціць на гэта грашовыя рэсурсы. У Беларусі курс не свабодны, беларускі рубель пераацэнены, і Беларусь заўсёды не паспявала за паралельнай дэвальвацыяй расійскага рубля. Таму тут адбудзецца тое, што і заўсёды: беларуская прадукцыя будзе значна даражэць на расійскім рынку. То бок мы будзем траціць канкурэнтаздольнасць, а расійская прадукцыя будзе станавіцца больш канкурэнтаздольнай на беларускім рынку», — кажа эксперт.
Але праз нейкі час, калі разрыў паміж валютнымі курсамі ў Беларусі і Расіі будзе павялічвацца, беларускае кіраўніцтва ўсё роўна будзе вымушана пайсці на дэвальвацыю.
«Будзе ціск з боку многіх суб’ектаў гаспадарання, асабліва экспарцёраў, якія пастаўляюць прадукцыю ў Расію. Гэты ціск будзе транслявацца і на ўрад, і на прэзідэнта, і на Нацбанк. Таму, хоць са спазненнем, але беларускі рубель будуць дэвальваваць», — тлумачыць Заіка.
Што тычыцца далейшых перспектыў расійскага рубля, то, паводле Заікі, усё будзе залежаць ад узроўню цэнаў на энерганосьбіты і аб’емаў расійскага экспарту нафты і газу.