Лукашэнка: Неэфектыўныя сельгаспрадпрыемствы будуць прыватызаваны
Неэфектыўныя сельгаспрадпрыемствы будуць прыватызаваны ў выпадку, калі за паўгода яны не выйдуць на бясстратную работу. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы з дакладам кіраўніка рабочай групы аб фінансавым забеспячэнні прапаноў па ўдасканаленні дзяржаўнай аграрнай палітыкі.
«Сёння ўжо цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю як оптам, так і ў розніцу такія, што нашай сельскай гаспадарцы, якая атрымала немалую падтрымку ад дзяржавы ў папярэднія дзве пяцігодкі,
можна жыць самастойна і зарабляць, што і робяць сельгаспрадпрыемствы — калгасы, саўгасы, якія хочуць жыць і працаваць», — адзначыў Лукашэнка.
«Мы дамовіліся, што мы павінны падтрымаць тых, хто сёння можа выйсці на бясстратную работу і працаваць самастойна, а тым, якія не хочуць і не могуць, мы павінны даць тэрмін як мінімум да
канца года і прыватызаваць, прадаць тым, хто хоча працаваць. Таму няхай думаюць і вырашаюць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што кіраўнікі гэтых
прадпрыемстваў там працаваць ужо не будуць, магчыма, нават спецыялістамі.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што да разгляду гэтага пытання падыходзілі ўжо не аднойчы, у тым ліку і на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Спецыяльна створанай камісіяй па разглядзе праблемных пытанняў
у аграрнай сферы пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра былі вынесены на разгляд Прэзідэнта нарматыўна-прававыя акты, прызначаныя ўстараніць «вузкія» месцы ў сельскай гаспадарцы.
«Мы дамовіліся аб тым, што вы ўсё гэта палічыце і з улікам няпростага фінансава-эканамічнага становішча не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце, мы зробім вывад, ці зможам мы пайсці на
тыя меры, якія прапанаваны камісіяй», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што галоўнае пытанне не ў тым, у што гэта абыдзецца, а ці вытрымае дзяржава такую нагрузку з пункту гледжання фінансаў.
БелТА