Лукашэнкаўцы хочуць адабраць у швейцарскага ўласніка завод «Штадлер» у Фаніпалі?
Кампанія «Штадлер» не атрымлівала ад беларускіх уладаў апавяшчэнняў аб тым, што ўлады збіраюцца развіваць сумесную з Расіяй вытворчасць на заводзе «Штадлер» у Фаніпалі. Кампанія кажа, што завод «Штадлер Мінск» з'яўляецца яе стоадсоткавай уласнасцю. І кампанія не збіраецца гэты завод прадаваць.
Пра тое, што беларускія ўлады, падобна, нацэліліся адабраць завод ва ўзорнага інвестара, піша выданне «Беларусы і рынак».
Два тыдні таму беларускі міністр транспарту Аляксей Ляхновіч распавёў, што беларускія ўлады абмяркоўваюць з двума расійскімі кампаніямі, як ім аднавіць вытворчасць на заводзе «Штадлер». Пра тое, як беларускія ўлады збіраюцца распарадзіцца яе ўласнасцю, кампанія даведалася з паведамленняў СМІ.
Завод «Штадлер» быў для беларускіх уладаў прадметам асаблівага гонару і прыкладам канструктыўнага супрацоўніцтва з заходнімі інвестарамі. У стварэнне прадпрыемства кампанія ўклала каля 90 млн еўра, беларускі завод быў другім па велічыні сярод філіялаў «Штадлер».
У год на беларускім заводзе выраблялі да 500 чыгуначных вагонаў. Не толькі для Беларусі, і нават не толькі для краін былога Савецкага Саюза. Вагоны мінскага завода «Штадлер» пастаўлялі ў Нарвегію і Венгрыю. Ну, гэта значыць проста такі ўзорна-паказальны інвестыцыйны праект. Можна сказаць, тры ў адным. Вытворчасць, інвестыцыі, інавацыі.
«Яно даўно ўжо вядомае, ваша прадпрыемства, усяму свету. Але тое, што на гэтай карце з'явілася Беларусь, з вытворчасцю чыгуначнага транспарту, электрычнага транспарту, гэта, вядома, сур'ёзна падымае імідж Беларусі», — сказаў тры гады таму Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Мінск дэлегацыі швейцарскай кампаніі.
Пасля пачатку вайны ва Украіне інвестары пачалі сыходзіць, а некаторыя нават уцякаць з Беларусі. Толькі за мінулы год краіна пазбавілася васьмідзесяці буйных заходніх кампаній. Такіх як «Нокіа», «Бат», «Вольва», «Сіменс».
Але «Штадлер» быў сярод тых кампаній, якія не толькі не сышлі, але нават не збіраліся гэтага рабіць.
Так, кампанія сапраўды паменшыла аб'ёмы выпуску, скараціла штат, перавяла частку вытворчасці і частку работнікаў у іншыя краіны. Але пры гэтым некалькі разоў цвёрда заяўляла, што збіраецца захаваць беларускі завод у стане павышанай гатоўнасці. Каб запусціць вытворчасць на поўную моц, як толькі заходнія санкцыі адменяць.
Ну і здавалася б, за такую вернасць можна было б неяк узнагародзіць. Паказаць іншым інвестарам, што беларускія ўлады дабро памятаюць. І паважаюць гарантыі недатыкальнасці замежных інвестыцый, якія яны ж самі і раздавалі.
Але ўтрымацца ад таго, каб не забіраць чужое, цяжка. Асабліва калі гэта чужое дрэнна ляжыць у межах крокавай даступнасці.
Тым больш што за апошнія чатыры гады беларускія ўлады так папрацавалі над сваім іміджам, што іміджу ўжо няма чаго губляць. І дзіўна не тое, што заходнія кампаніі сыходзяць з Беларусі. Дзіўна, як шмат кампаній з усіх сіл спрабуюць застацца.
За мінулы год прамыя інвестыцыі з краін, якія беларускія ўлады афіцыйна прызналі недружалюбнымі, выраслі на паўмільярда долараў. Недружалюбная Аўстрыя інвеставала ў Беларусь 900 млн долараў. Яшчэ менш дружалюбная Польшча — 185 млн.
Каб не асацыявацца з Беларуссю і не псаваць сабе імідж, некаторыя кампаніі мяняюць назвы. Іншыя, не такія сарамлівыя, абыходзяцца і без гэтага.
І ўсё роўна, як паказвае гісторыя з тым жа «Штадлерам», чый бізнес беларускія ўлады не саромеючыся збіраюцца адціснуць, гэта не дапамагае. Таму што калі замест страт вы выбіраеце ганьбу, то ў рэшце рэшт атрымаеце і ганьба, і страты.
Як здарылася з нямецкай кампаніяй «Карл Цэйс». Нядаўна стала вядома, што кампанія выходзіць з капіталу сумеснага прадпрыемства «ЦэйсОМА». Пастанова была прынятая пасля таго, як у чэрвені Еўрасаюз увёў санкцыі супраць аб'яднання «БелОМА», якое, уласна, і было партнёрам нямецкай кампаніі.