Мінгарвыканкам прапаноўвае павялічыць пеню за пратэрміноўку плацяжоў за камунальныя паслугі ў сто разоў

Мінгарвыканкам прапаноўвае павялічыць пеню за пратэрміноўку плацяжоў за камунальныя паслугі ў сто разоў. Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў 25 верасня на пасяджэнні гарадскога выканаўчага камітэта, прысвечанага мерам па павышэнні эфектыўнасці і ўдасканальванні працы прадпрыемстваў жыллёвай гаспадаркі.



zkch_cierti.jpg

Як паведаміла агенцтва "Минск-новости", Кухараў прапанаваў змагацца з даўжнікамі за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі пры дапамозе павелічэння памераў пені за такое парушэнне. "З гэтай мэтай перад ДА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" пастаўлена задача звярнуцца ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі для разгляду магчымасці ўнясення змяненняў у пастанову Саўміна ад 12.06.2014 № 571 у частцы павышэння да 30% памеру пені за пратэрміноўку ўнясення грамадзянамі плацяжоў па жыроўцы", — паведаміла агенцтва.

На гэты момант, згодна з названым дакументам, плацельшчыкі ЖКП, якія несвоечасова і/або не ў поўным аб'ёме ўнеслі плату за жыллёва-камунальныя паслугі, выплачваюць пеню ў памеры 0,3% ад не выплачанай ва ўстаноўлены тэрмін сумы гэтых плацяжоў за кожны дзень пратэрміноўкі.

Паводле слоў Кухарава, на 1 верасня гэтага года пратэрмінаваная запазычанасць мінчан за жыллёва-камунальныя паслугі склала 7,7 млрд. рублёў. Ён адзначыў, што спагнанне з насельніцтва запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі з'яўляецца для жыллёвых арганізацый сур'ёзнай праблемай.

Як паказвае маніторынг, у 96% выпадкаў тэрмін запазычанасці не перавышае трох гадоў. У 90% выпадкаў з іх ён складае менш чым тры месяцы, "што гаворыць аб тым, што большасць даўжнікоў проста забываюць своечасова аплаціць камунальныя паслугі, а жыллёвыя арганізацыя вымушаны пагашаць гэты доўг за кошт уласных сродкаў".
Марына Носава, БелаПАН