Мінус 196. Столькі турфірм знікла ў Беларусі ў 2020 годзе

За 2020 год у Беларусі рэзка зменшыліся ўсе паказчыкі турыстычнага бізнесу. Колькасць турыстычных фірм зменшылася на 196, уязны і выязны турызм зменшыўся ў тры разы, паведамляе «Еженедельник».

turizm_rb.jpg

У 2020 годзе замежныя турысты здзейснілі 3,5 мільёны паездак у Беларусь. У 2019 годзе такіх паездак было 11,8 мільёна — амаль утрая больш.

Самі беларусы за мяжу ў 2020 годзе здзейснілі 2,8 мільёна паездак, у 2019 годзе такіх паездак было ўтрая больш.

Менш турыстаў стала прыязджаць практычна з усіх краін.

Больш за ўсё турыстаў у Беларусь прыязджала з Расіі ды Польшчы. З Расіі ў Беларусь у 2020 годзе прыехалі 52,2 тысячы турыстаў. Гэта ў 4 разы менш, чым у 2019 годзе. На другім месцы — Польшча: Беларусь наведалі 13,5 тысячы чалавек — у 4,5 разы менш, чым у 2019 годзе.

Яшчэ менш турыстаў стала прыязджаць з Літвы — у 11 разоў. Але рэкордна паток турыстаў у Беларусь зменшыўся ў 2020 годзе з Кітая — у 27 разоў.

У пандэмію беларусы чакана наведвалі краіны, межы якіх былі адкрытыя. Больш за ўсё — Егіпет: 115 тысяч чалавек, Турцыю — 62 тысячы, Украіну —12 тысяч.

Экспарт турыстычных паслуг у грашовым выражэнні зменшыўся ў 2,5 разы за год. У 2019 годзе ён склаў 901 мільён долараў, а ў мінулым годзе — 354 мільёны.

Зменшыўся і імпарт турыстычных паслуг. Калі ў 2019 годзе ён склаў 1,1 мільярда долараў, то ў 2020 — толькі 501,7 мільёна.