МінЖКГ хоча павялічыць долю сродкаў насельніцтва ў фінансаванні капрамонту
Мінжылкамгас прапануе роўнадолевы ўдзел у фінансаванні капітальнага рамонту жыллёвага фонду бюджэту і насельніцтва.
Пра гэта 9 красавіка паведаміў намеснік міністра ЖКГ Генадзь Трубіла на пасяджэнні рабочай групы па вывучэнні праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы.
Паводле яго слоў, раней у гэтай сферы фінансаванне і было раўнадолевым, але з 2011 года доля бюджэту павялічылася да 54%, у 2012-м — да 60%, у 2013-м — амаль да 70%.
Як адзначыў Генадзь Трубіла, гэта выклікана тым, што адлічэнні насельніцтва на капрамонт прывязаныя да тарыфу на тэхабслугоўванне, які за апошнія гады не падвышаўся ў запланаваным памеры, перадае БелТА.
У 2014 годзе, паводле ацэнкі мінЖКГ, недафінансаванне капрамонту жылога фонду складзе 2,5 млрд рублёў. Мінжылкамгас прапануе "адвязаць" тарыф на капрамонт ад тарыфу на тэхабслугоўванне і разлічваць гэты тарыф з сярэдняй крайняй нормы выдаткаў на капрамонт агульнай плошчы кватэр.
Як лічыць міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац, гэта дасць магчымасць выйсці на запланаваныя аб'ёмы капітальнага рамонту жылля, ліквідаваць у краіне адставанне па капрамонце.
"Праблема капрамонту — гэта справа дзяржаўная. І ў дзяржаве павінны быць адзіныя правілы гульні", — сказаў міністр.